Ад Нагасакі да Ватыкана: юбілей “Місіі Тэнсё”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнароднае сустрэча, прысвечаная "Місіі Тэнсё" – першай японскай дыпламатычнай місіі ў Еўропу, адбылася 17 сакавіка 2025 года ў Рыме. Падзея была арганізавана Папскім Грыгарыянскім універсітэтам і пасольствам Японіі пры Святым Пасадзе ў супрацоўніцтве з Ватыканскай Апостальскай бібліятэкай, Дыкастэрыяй па евангелізацыі і архідыяцэзіяй Лукі.
"Прыбылі з антыподаў свету, каб заявіць аб паслухмянасці Рымскаму Касцёлу"
Гэтымі словамі Муцыа Панса апісаў фрэску ў Сіксцінскай зале Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі, якая адлюстроўвае прыбыццё японскай місіі ў Рым у 1585 годзе. Чатыры маладыя японцы выправіліся 20 лютага 1582 года з порта Нагасакі ў трохгадовае падарожжа, якое прывяло іх у Партугалію, Іспанію і, нарэшце, у Італію.
Арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, архівіст і бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, падкрэсліў значэнне гэтай місіі для міжкультурнага дыялогу і распаўсюджвання хрысціянства ў Японіі. 23 сакавіка 1585 года маладыя японцы былі прыняты на аўдыенцыі Папам Грыгорыем XIII, што стала кульмінацыяй іх падарожжа.
"Місія Тэнсё – пілігрымка веры"
Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, падкрэсліў, што падарожжа японскіх дыпламатаў было не толькі палітычнай місіяй, але і сапраўднай пілігрымкай веры. Ён дадаў, што пасля вяртання на Радзіму многія з гэтых маладых людзей зрабілі выбар на карысць веры, а некаторыя нават ахвяравалі сваё жыццё, каб сведчыць аб праўдзе Евангелля.
"Сёння мы зноў тут, каб праз прыклад, сведчанне і адказнасць гэтых чатырох маладых людзей нагадаць сабе, наколькі вырашальным для жыцця з'яўляецца паўторнае адкрыццё каранёў сваёй веры," - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.
Мастацтва як мост паміж культурамі
Асаблівым госцем сустрэчы была пісьменніца і аўтар папулярных коміксаў манга Кан Такахама, прадстаўніца хрысціянскай супольнасці ў Японіі і амбасадар павільёна Святога Пасада на будучай Сусветнай выставе “Expo 2025” у Осацы. Яе працы, заснаваныя на даследаваннях гісторыі "схаваных хрысціян", сталі новым спосабам распавядання гэтай гісторыі маладому пакаленню.
Рэктар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, ксёндз Марк Льюіс, адзначыў важнасць выкарыстання сучасных форм мастацтва для перадачы гістарычнай памяці: "Дзякуючы мангу можна прыдумаць новыя метады навучання, якія могуць утрымліваць увагу вучняў".
Караваджа на Expo 2025
Арцыбіскуп Фізікела таксама анансаваў, што на “Expo 2025” у Осацы ў павільёне Святога Пасада будзе прадстаўлена карціна Караваджа "Пакладанне ў труну". "Мы выбралі для нашага павільёна тэму 'Прыгажосць прыносіць надзею'," - патлумачыў іерарх. "Сузіранне прыгажосці, увасобленай у геніяльным творы Караваджа, становіцца для наведвальнікаў своеасаблівымі духоўнымі дзвярыма. Гэты досвед падобны да таго, што перажываюць пілігрымы ў Рыме, праходзячы праз Святую Браму. Як Святая Брама адкрывае шлях да духоўнага абнаўлення, так і сустрэча з прыгажосцю мастацтва можа весці да надзеі і ўнутранага пераўтварэння."
“Місія Тэнсё” стала сімвалам плённай сустрэчы паміж дзвюма цывілізацыямі і культурамі, якая дазволіла Евангеллю ўкараніцца ў Японіі настолькі глыбока, што яно перажыло нават жорсткі пераслед.