Наступствы ізраільскіх бамбардыровак Палесціны.  Хан-Юніс на поўдні Сектара Газа Наступствы ізраільскіх бамбардыровак Палесціны. Хан-Юніс на поўдні Сектара Газа  (REUTERS)

Галахер: Сектар Газа павінен застацца домам палесцінцаў

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер пацвердзіў пазіцыю Святога Пасада супраць перасялення палесцінцаў з Газы. Ён падкрэсліў, што гэта іх дом, дзе яны нарадзіліся і жылі пакаленнямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв'ю езуіцкаму часопісу America Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі сцвердзіў пазіцыю Святога Пасада наконт сітуацыі ў Газе. Адказваючы на пытанне аб прапанове прэзідэнта ЗША Дональда Трампа перасяліць палесцінцаў з Сектара Газа ў іншае месца, ён адзначыў, што палесцінцы маюць права заставацца на радзіме і аднаўляць там сваё жыццё. "Мы не можам ісці супраць гэтага", - сказаў ён, дадаючы, што, пачуўшы такую прапанову, можна “страціць дар мовы”.

Па словах дыпламата, палесцінскае пытанне з'яўляецца "цэнтральным для многіх праблем Блізкага Усходу". Святы Пасад працягвае падтрымліваць рашэнне "дзвюх дзяржаў" і заклікае да поўнага спынення агню, вызвалення ўсіх заложнікаў і абароны грамадзянскага насельніцтва, - зазначыў ён.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць магчымай анексіяй Ізраілем палесцінскіх тэрыторый Заходняга берага, што зробіць вельмі цяжкай рэалізацыю рашэння аб стварэнні дзвюх дзяржаў у бліжэйшай будучыні.

Арцыбіскуп Галахер таксама нагадаў пра ўвагу Папы да абодвух бакоў канфлікту. Францішак рэгулярна тэлефануе ў каталіцкую парафію ў Газе, каб падтрымаць святароў і вернікаў, але ён таксама сустракаўся з сем'ямі ізраільскіх заложнікаў, напісаў ліст да сваіх братоў і сясцёр у Ізраілі і пасланне католікам Блізкага Ўсходу, імкнучыся быць "пастырам для ўсіх".

01 сакавіка 2025, 13:03