Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар маліўся за Папу з пасламі пры Святым Пасадзе

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін узначаліў святую Імшу аб здароўі Папы, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія прайшла раніцай 14 сакавіка 2025 года ў Капэле Паоліна Ватыканскага Апостальскага палаца. У гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца спаслаўся на словы з Евангелля святога Мацвея: “Калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (5,20).

“Мы можам патлумачыць іх так: калі не выйдзеце за межы чалавечай логікі ў пошуку волі Бога, то ніколі не сустрэнеце Яго. Гэты пошук павінен быць скіраваны перадусім на павагу да іншых: мы пакліканы шукаць Божую волю найперш у нашых адносінах з бліжнімі, з тымі, хто знаходзіцца побач з намі. І гэтыя адносіны павінны грунтавацца на любові. Мы ведаем, што любоў да бліжняга – гэта праверка нашай любові да Бога”, - нагадаў іерарх.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што Езус Хрыстус ставіў праявы гневу і вербальныя абразы на адзін узровень з забойствам. “Гэта можа здацца парадоксам, перабольшаннем, крайнасцю – але гэта праўда. Мы вельмі часта кажам: войны, што выбухаюць у свеце, якія заліваюць крывёй нашу планету і якія мы сваёй дыпламатычнай працай спрабуем прадухіліць, узнікаюць не на палях бітваў (...), а ўнутры нас. Яны нараджаюцца ў сэрцы чалавека, з пачуццяў нянавісці і варожасці, якія мы пестуем у адносінах да іншых. А пасля яны ўвасабляюцца ў паводзінах, пазначаных нянавісцю і варожасцю”, - сказаў Дзяржсакратар. Ён нагадаў, што для пошуку міру перш за ўсё неабходна “раззброіць мову” – пазбягаць агрэсіўнай і абразлівай лексікі, бо менавіта з яе пачынаюцца войны.

Кардынал Паралін таксама падкрэсліў, што Езус заклікае прымірыцца з ворагамі перад тым, як прыносіць ахвяры Богу. Для гэтага, паводле яго слоў, недастаткова проста папрасіць прабачэння – неабходна змяніць уласныя паводзіны. “Гаворка ідзе пра тое, каб перайсці ад логікі супрацьстаяння да добразычлівасці”, – патлумачыў іерарх, дадаўшы, што, каб быць здольнымі зрабіць гэта адразу, неабходна прасіць дапамогі ў Бога.
 

14 сакавіка 2025, 12:09
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930