Дзяржсакратар: міжнароднае права больш не паважаецца
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Мы вельмі занепакоеныя сістэматычным парушэннем міжнароднага права”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, выказваючы занепакоенасць Апостальскай Сталіцы ў сувязі з “аднаўленнем” або “працягам” шматлікіх канфліктаў у свеце, у тым ліку нядаўніх падзей у сектары Газа, якія Францішак асудзіў у нядзельным звароце перад малітвай “Анёл Панскі”.
Пасля слоў Папы ізраільскае пасольства пры Святым Пасадзе заявіла ў сацыяльнай сетцы X, што Ізраіль дзейнічае ў адпаведнасці з міжнародным правам. Адказваючы на просьбу журналістаў пракаментаваць сітуацыю, Дзяржсакратар падкрэсліў, што заклік Святога Айца – гэта “заклік спыніцца, знайсці шляхі дыялогу і міру”.
“Нядаўна мы размаўлялі з Чырвоным Крыжам, і яны таксама знаходзяцца ў вельмі цяжкіх абставінах. Бамбардзіроўкі мірных жыхароў, забойствы гуманітарных работнікаў – гэта дзеянні, якія адназначна супярэчаць гуманітарнаму праву, і сёння гуманітарнае права не паважаецца. Гэта адзін з вялікіх недахопаў цяперашняга часу: больш няма павагі да гуманітарнага права”, - сцвердзіў кардынал Паралін.
Каментуючы стан здароўя Францішка, які правёў 38 дзён у клініцы “Джэмэлі”, іерарх патлумачыў, што Святы Айцец “цяпер будзе патрабаваць адпачынку” і “павінен заставацца ў спакоі”. На думку дзяржсакратара, яшчэ заўчасна прагназаваць, як будзе арганізаваны графік Пантыфіка і каляндар аўдыенцый і цырымоній. “На гэты момант Папу будуць прадстаўляцца толькі самыя важныя сітуацыі і пытанні, якія патрабуюць яго рашэння, каб не перанапружваць яго. Пазней, калі ён паправіцца, вернемся да звычайнага графіка”, - патлумачыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.