Прэзідэнт Польшчы наведаў Ватыкан
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 28 сакавіка 2025 года сустрэўся ў Ватыкане з кардыналам П'етра Паралінам, абмеркаваўшы пытанні міжнародных адносін і бяспекі ў Еўропе.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле афіцыйнага паведамлення Залы Друку Святога Пасада, размова праходзіла ў сардэчнай атмасферы. Сустрэча адбылася напярэдадні дзвюх значных дат: 20-й гадавіны смерці святога Яна Паўла ІІ і тысячагоддзя каранацыі першага польскага караля Баляслава Храбрага. У гэтым кантэксце бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць для Польшчы і Святога Пасада.
Асаблівая ўвага падчас сустрэчы была нададзена актуальным міжнародным праблемам. У цэнтры дыялогу апынулася сітуацыя ва Украіне, а таксама пытанні, звязаныя з бяспекай і захаваннем міру ў Еўропе.
Гэтыя тэмы застаюцца прыярытэтнымі як для Польшчы, так і для Святога Пасада ў кантэксце сучасных геапалітычных выклікаў.
28 сакавіка 2025, 13:01