Арцыбіскуп Галахер: Папа працягвае служыць Касцёлу і чалавецтву

Увечары 20 сакавіка 2025 года Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ўзначаліў святую Імшу ў інтэнцыі Францішка. У набажэнстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святая Імша праходзіла ў рымскім Касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль-Джэзу) – духоўным цэнтры Таварыства Езуса, да якога належыць Пантыфік. У сваёй гаміліі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер нагадаў паслам пра ўдзячнасць Папы “за блізкасць і шматлікія малітвы, якія ўзносяць за яго да нябёсаў”.

Божая любоў і міласэрнасць

Іерарх засяродзіў увагу на любові, якая “няспынна струменіць” ад Бога “праз параненае Сэрца Езуса” і чакае нашага водгуку. Ён адзначыў, што Божая любоў сустракае нас “у нашых пакутах і грахах, набываючы форму міласэрнасці”.

Вялікі пост – гэта спрыяльны час для паглыблення гэтага шляху, магчымасць дазволіць Богу любіць нас, адкрываючы новыя гарызонты надзеі, свабоды і міру, - падкрэсліў папскі дыпламат.

Небяспека засяроджвання на смерці

З іншага боку, мы сутыкаемся з небяспекай таго, што больш увагі ўдзяляем смерці, чым жыццю, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.

“Сёння пагроза зла становіцца ўсё больш прыметнай, часам здаецца, што цемра пераважае над святлом”, - сказаў ён. “Мы з сумам назіраем гэта ў пакутніцкай Украіне, у Палесціне, Ізраілі, Ліване, М'янме, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і ў іншых месцах канфліктаў”. І ўсё ж, нягледзячы на перашкоды, духоўнае адраджэнне можа вывесці чалавецтва на шлях сустрэчы, - дадаў іерарх.

“На жаль, ёсць тыя, хто няспынна падсілкоўвае культуру смерці, прытрымліваючыся скажонай логіцы нянавісці, дамінавання і вайны на ўсіх узроўнях. Свет ператвараецца ў арэну сутыкненняў паміж этнічнымі групамі і цывілізацыямі, культурамі і рэлігіямі”, - адзначыў Галахер.

Дыпламатыя на службе агульнага дабра

Хрысціяне пакліканы распаўсюджваць каштоўнасці любові, справядлівасці і міру. “Шчаслівыя тыя часы і месцы, дзе людзі сядзяць за адным сталом і давяраюць сіле розуму і сумлення, ставячы чалавечую годнасць вышэй за ўсё”, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.

Ён заклікаў да дыпламатыі, якая была б вызваленая ад эгаістычных інтарэсаў і прысвечаная дасягненню агульнага дабра, гарантаванню справядлівасці і міру для ўсіх.

Голас сумлення і малітва

Арцыбіскуп Галахер нагадаў дыпламатам, што чалавецтву неабходнае “вышэйшае святло”, каб накіроўваць наш выбар і дапамагаць нам яго ажыццяўляць. "Менавіта ў малітве, якая таксама ўключае маўчанне, мы павінны вучыцца чуць голас сумлення, які з'яўляецца не адвольным меркаваннем, а голасам Пана, што гучыць у нашым унутраным санктуарыі розуму і сэрца”, - сказаў ён.

“Людзі, якія змагаліся за чалавечую годнасць, супраць дыктатур, тыраніі і несправядлівасці, нават калі яны не заўсёды падзялялі хрысціянскую веру ці рэлігійныя перакананні, рабілі гэта ў імя сумлення, распазнаючы ў ім той вышэйшы голас, які паказвае правільны шлях, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.”

Арцыбіскуп завяршыў сваю гамілію заклікам да дыпламатаў пагрузіцца ў маўчанне і ўвайсці ў гэты ўнутраны санктуарый сумлення, асабліва ў Вялікі пост, давяраючы сябе, Папу і мір ва ўсім свеце Маці Божай Маўчання.

21 сакавіка 2025, 11:29