Святы Пасад: грамадства ў гістарычным даўгу перад жанчынамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана прыняў удзел у пасяджэнні Пастаяннага савета ААД, якое прайшло 19 лютага 2025 года ў Вашынгтоне. Яно было прымеркавана да Сусветнага жаночага дня Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, які адзначаецца 18 лютага.
У сваёй прамове прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што Касцёл прызнае "часта непрыкметны, але вырашальны ўнёсак" жанчын у развіццё грамадства, асабліва ў крызісныя часы, калі яны выступаюць як "пасрэдніцы, змагаркі і абаронцы нашай будучыні". Аднак міжнародная супольнасць яшчэ далёкая ад таго, каб гарантаваць жанчынам роўную годнасць і правы, - падкрэсліў дыпламат.
Дыпламат працытаваў словы Францішка пра тое, што “арганізацыя сучаснага грамадства па ўсім свеце ўсё яшчэ далёкая ад выразнага адлюстравання таго, што жанчыны валодаюць такой жа годнасцю і такімі жа правамі, што і мужчыны”. Хоць гэта фармальна і сцвярджаецца на словах, рашэнні і рэчаіснасць кажуць пра іншае.
Мансеньёр Серана нагадаў пра важнае значэнне 30-годдзя Пекінскай дэкларацыі, падпісанай у 1995 годзе, а таксама пра 40-ю Асамблею Міжамерыканскай камісіі па справах жанчын, якая пройдзе ў Калумбіі. Гэтыя падзеі сведчаць пра тое, наколькі важным з'яўляецца шматбаковае супрацоўніцтва ў галіне абароны правоў жанчын.
“Грамадства ў гістарычным даўгу перад жанчынамі", - сцвердзіў ватыканскі дыпламат. Яны адыгрываюць цэнтральную ролю ў сям'і, адукацыі і пабудове больш справядлівага грамадства, але гэта часта выпускаецца з-пад увагі.
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў міжнародныя арганізацыі да канкрэтных дзеянняў замест простых дэкларацый. Неабходна паслядоўна выконваць існуючыя палітычныя абавязацельствы, а таксама актывізаваць барацьбу з гвалтам, дыскрымінацыяй і эканамічнымі бар'ерамі, каб забяспечыць жанчынам жыццё ва ўмовах "роўнасці, годнасці і павагі“.