Святы Пасад у ААН: заклік да поўнага раззбраення
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі падкрэсліў, што сёння чалавецтва стаіць перад выбарам: разам, як сям'я народаў, рухацца да справядлівага і поўнага раззбраення альбо працягваць канфлікты, гвалт, няроўнасць і экалагічную дэградацыю.
Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй з валоданнем ядзернай зброяй, падкрэсліўшы яе несумяшчальнасць з мірным развіццём і міжнароднай стабільнасцю. Ён таксама ўзняў пытанне выкарыстання космасу выключна ў мірных мэтах і неабходнасці забароны ўсіх катэгорый зброі ў касмічнай прасторы.
Дыпламат звярнуў асаблівую ўвагу на рызыку выкарыстання штучнага інтэлекту ў ваенных аперацыях. Ён заклікаў да мараторыя на распрацоўку і прымяненне сістэм аўтаномнай лятальнай зброі (LAWS), бо “ніводная машына ніколі не павінна прымаць рашэнне аб пазбаўленні чалавека жыцця”.
Арцыбіскуп Галахер таксама падкрэсліў шкоднасць празмерных ваенных выдаткаў, якія адцягваюць рэсурсы ад барацьбы з беднасцю, ад адукацыі і аховы здароўя. Ён нагадаў пра нядаўні заклік Папы Францішка скіраваць частку ваенных выдаткаў на стварэнне глабальнага фонду для барацьбы з голадам і зменай клімату.
Напрыканцы прамовы іерарх заклікаў удзельнікаў Канферэнцыі па раззбраенні прыняць доўгатэрміновыя і канкрэтныя меры дзеля агульнага дабра, “пакуль не стала занадта позна”.