Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад у ААН пра неабходнасць салідарнасці і згуртаванасці

Пра важнасць салідарнасці, сацыяльнай інклюзіўнасці і згуртаванасці ў дасягненні мэт устойлівага развіцця казаў арцыбіскуп Габрыэле Кача на пасяджэнні 63-й сесіі Камісіі па сацыяльнаму развіццю, якое прайшло 12 лютага 2025 года ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН нагадаў, што салідарнасць – гэта нешта значна большае, чым пачуццё спачування, гэта “актыўнае імкненне да агульнага дабра, заснаванае на ўнутранай сацыяльнай прыродзе чалавека і роўнай годнасці, дадзенай усім Богам”. Ісціна заключаецца ў тым, што ўсе мы ўзаемазвязаны і кожны мае абавязкі перад грамадствам. Умацаванне салідарнасці патрабуе новай прыхільнасці агульнаму дабру як на індывідуальным, так і на грамадскім узроўнях. Маецца на ўвазе вывучэнне і, пры неабходнасці, змяненне інстытутаў і структур для таго, каб яны служылі дабру ўсіх і кожнага. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Салідарнасць рэалізуецца толькі ў той меры, у якой яна ахоплівае ўсіх членаў чалавечай сям'і. Асабліва важна надаваць увагу людзям, якія апынуліся ва ўразлівым становішчы: бедным, пажылым, ненароджаным дзецям, хворым, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

Сацыяльная інклюзіўнасць патрабуе інвестыцый у цэласнае развіццё чалавека, з асаблівай увагай да выкаранення галечы, гарантыі якаснай адукацыі для ўсіх і выхавання пачуцця агульнай адказнасці адзін за аднаго і за грамадства, сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Наш свет становіцца ўсё больш палярызаваным і страчвае давер як да інстытутаў, так і да суграмадзян. Рашэнне гэтых праблем патрабуе супольных намаганняў для ўмацавання сацыяльнай згуртаванасці. Важнай складовай з'яўляецца прынцып субсідыярнасці, які заклікае да шырокага ўдзелу ўсіх грамадскіх груп у працэсах прыняцця рашэнняў, - адзначыў іерарх.

Асаблівую ўвагу ватыканскі дыпламат надаў сем'і як аснове грамадства. Сям'я – гэта галоўная школа чалавечнасці, дзе набываюцца важныя каштоўнасці, такія як любоў, братэрства і клопат адзін пра аднаго, - нагадаў арцыбіскуп Кача, заклікаючы дзяржавы заахвочваць і паважаць сямейнае жыццё і ствараць лепшыя ўмовы для пабудовы сям'і.

13 лютага 2025, 12:44