Святы Пасад у ААН: неадкладна спыніць баявыя дзеянні ва Украіне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
24 лютага 2025 года, у трэцюю гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН выступіў з заявай на 11-й надзвычайнай спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая праходзіць у Нью-Ёрку.
“Святы Пасад выказвае глыбокую занепакоенасць зацягваннем канфлікту, які прыводзіць да вялікіх чалавечых ахвяр і пазбаўленняў для ўсяго ўкраінскага народа”, - сцвердзіў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.
Арцыбіскуп Кача нагадаў, што вайна аказала “глыбокае ўздзеянне на глабальную эканоміку” і спрыяе “нестабільнасці ў такіх галінах, як харчовая бяспека, энергетыка і ядзерная бяспека”, а таксама пагаршае экалагічную сітуацыю. Вайна асабліва ўдарыла па найбольш уразлівых слаях насельніцтва, а яе наступствы адчуваюцца ва ўсім свеце, што падкрэслівае настойлівую неабходнасць усёабдымнага і доўгатэрміновага рашэння для аднаўлення міру і прадухілення далейшай шкоды жыццю ні ў чым не вінаватых людзей, - адзначыў папскі дыпламат.
Іерарх працытаваў словы Папы, скіраваныя да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, пра тое, што “мы ні пры якіх абставінах не можам пагадзіцца з бамбардзіроўкамі мірных жыхароў або нападамі на інфраструктуру, неабходную для іх выжывання”.
Арцыбіскуп Кача таксама падкрэсліў пажаданне Папы, каб у 2025 годзе ўся міжнародная супольнасць працавала над спыненнем кравапралітнага канфлікту ва Украіне, які каштаваў вялізарнай колькасці жыццяў, у тым ліку мірных жыхароў.
“Па гэтай прычыне Святы Пасад паўтарае свой заклік да неадкладнага спынення баявых дзеянняў і падкрэслівае настойлівую неабходнасць дасягнення міру без далейшага маруджання”, - завяршыў свой зварот назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.