Бежанцы з усходніх рэгіёнаў ДРК Бежанцы з усходніх рэгіёнаў ДРК  (AFP or licensors)

Святы Пасад: аднавіць перамовы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга

“Святы Пасад глыбока занепакоены эскалацыяй гвалту на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга”, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 лютага 2025 года на 37-й спецыяльнай сесіі Рады па правах чалавека арцыбіскуп Этарэ Балестрэра адзначыў прыхільнасць Апостальскай Сталіцы Луандскаму пагадненню, накіраванаму на вяртанне міру ў рэгіёне, а таксама заклікаў да “неадкладнага аднаўлення перамоў”, падтрымліваючы “прапанову заснавання незалежнай місіі” па расследаванні фактаў.

Ватыканскі дыпламат рашуча асудзіў нядаўні наступ паўстанцкай кааліцыі AFC/M23, якая захапіла Гому і працягвае рух у кірунку Букавы. Ён падкрэсліў, што баевікі “павінны неадкладна спыніць свае дзеянні і пакінуць акупаваныя раёны”, дадаючы, што тэрытарыяльная цэласнасць краіны павінна быць цалкам паважаная.

Арцыбіскуп нагадаў, што ўзнаўленне ўзброенага канфлікту прывяло да трагічнай гібелі многіх людзей і сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, а таксама справакавала масавае перамяшчэнне насельніцтва, якое і так жыве ў стане беднасці з-за амаль 30-гадовых сутыкненняў у Паўночным і Паўднёвым Ківу. Прадстаўнік Папы асудзіў забойствы і раненні міратворцаў, якія знаходзіліся ў рэгіёне згодна з мандатам Рады Бяспекі ААН, і заклікаў тэрмінова адкрыць аэрапорт Гомы для дастаўкі гуманітарнай дапамогі.

Нунцый паўтарыў словы Папы, які падчас агульнай аўдыенцыі 29 студзеня 2025 года заклікаў спыніць баявыя дзеянні і паважаць мірнае насельніцтва. Звяртаючыся да мясцовых уладаў і міжнароднай супольнасці, ён заахвоціў зрабіць усё магчымае для вырашэння канфлікту мірнымі сродкамі.
 

08 лютага 2025, 12:30