Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Сінод: як зрабіць службу нунцыяў больш душпастырскай

Сінадальная група падкрэсліла неабходнасць больш душпастырскага вызначэння паслугі папскіх прадстаўнікоў для мясцовых Касцёлаў і ўмацавання супольнага распазнання ў працы нунцыятур.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратарыят Сінода апублікаваў інфармацыю аб дзейнасці спецыяльнай групы, якая займаецца вывучэннем ролі папскіх прадстаўнікоў у місіянерскай сінадальнай перспектыве. На працягу апошніх дзён група правяла тры вэбінары з нунцыямі, якія працуюць на розных кантынентах.

Душпастырскі характар паслугі нунцыяў

Сустрэчы праходзілі пад кіраўніцтвам кардынала Марыа Грэка, генеральнага сакратара Сінода, і кардынала Освальда Грасіяса, арцыбіскупа-эмерыта Бамбея, каардынатара групы. У яе склад таксама ўваходзяць арцыбіскуп Антоніа Гвіда Філіпацы, апостальскі нунцый у Польшчы; ксёндз Джозэф Мэрфі, падсакратар па дыпламатычным персанале Апостальскай Сталіцы (які ўдзельнічае ад імя арцыбіскупа Лучана Руса, сакратара па папскіх прадстаўніцтвах); а таксама прафесар Мірыям Вейленс, выкладчвца кананічнага права ва Універсітэце Эрфурта (Германія).

У сустрэчах прынялі ўдзел больш за восемдзесят апостальскіх нунцыяў, некаторыя з якіх былі прадстаўлены або падтрыманы сваімі сакратарамі ці дарадцамі нунцыятур.

Пошук новага стылю распазнання

Падчас вэбінараў кожнага ўдзельніка папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі аб паслузе папскіх прадстаўніцтваў у сінадальным і місіянерскім Касцёле. Нягледзячы на выключную разнастайнасць мясцовых сітуацый, існавала згода адносна неабходнасці вызначэння ў больш душпастырскім сэнсе паслугі нунцыяў для мясцовых Касцёлаў і епіскапатаў, а таксама ўмацавання стылю супольнага распазнання ў працы нунцыятуры.

Такія дыскусіі з'яўляюцца часткай шырэйшага працэсу, накіраванага на абнаўленне ролі папскіх прадстаўнікоў у адпаведнасці з сінадальным падыходам, які прасоўвае Папа Францішак.
 

28 лютага 2025, 14:15