Паралін: чуткі пра адстаўку Папы – непатрэбныя спекуляцыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Цяпер мы думаем пра здароўе Святога Айца, ягонае аздараўленне і вяртанне ў Ватыкан: гэта адзінае, што мае значэнне”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
Напярэдадні Зала Друку Апостальскай Сталіцы абвергнула паведамленне італьянскага тэлеканала RaiNews24, паводле якога Францішак нібыта сустрэўся ў клініцы Джэмэлі з кардыналамі П’етрам Паралінам і Джанфранка Гірландам. Гэта парадзіла спекуляцыі наконт таго, што Пантыфік мог абмяркоўваць з іерархамі сваю адстаўку.
Дзяржсакратар назваў звычайнай справай тое, што ў сітуацыі хваробы Пантыфіка распаўсюджваюцца чуткі і гучаць недарэчныя каментары. Ён адзначыў, што гэта адбываецца ўжо не ўпершыню і імкнецца трымацца ад такіх “манёўраў” як мага далей.
Іерарх расказаў, што некалькі дзён таму вярнуўся з Буркіна-Фасо і паведаміў Святому Айцу аб гатоўнасці наведаць яго ў шпіталі, “але пакуль у гэтым не было патрэбы”. “Лепш, каб ён заставаўся абароненым і прымаў як мага менш наведвальнікаў, каб мець магчымасць адпачыць і, такім чынам, зрабіць тэрапію, якую ён праходзіць, больш эфектыўнай. Дзякуй Богу, навіны з Джэмэлі абнадзейваюць, ён папраўляецца”, - падкрэсліў кардынал Паралін.
У сваю чаргу, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, у інтэрв’ю аргенцінскай газеце La Nación падкрэсліў, што не бачыць сэнсу ў тым, каб “пэўныя групы дамагаліся адрачэння” Папы, бо для таго, каб гэта рашэнне было сапраўдным, “яно павінна быць прынята свабодна Святым Айцом”.
“Я не бачу перадканклаўнай атмасферы, не бачу таго, каб размоў пра магчымага пераемніка было больш, чым год таму, таму няма нічога надзвычайнага”, - сказаў іерарх, дадаўшы, што для яго важна толькі тое, каб арганізм Папы добра адрэагаваў на лячэнне.