Кардынал Рэіна ўзначаліў ружанцовую малітву за здароўе Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
27 лютага 2025 года, як і ў папярэднія дні, вернікі з Рыма і пілігрымы з усяго свету сабраліся на ватыканскай плошчы, каб у малітве падтрымаць Францішка.
"Браты і сёстры, пілігрымы надзеі, збіраемся на малітве, каб памаліцца на Ружанцы, разважаючы над таямніцамі жыцця Езуса і гледзячы на Найсвяцейшую Панну Марыю. Молімся з усім Касцёлам аб здароўі нашага Святога Айца Францішка. Няхай Марыя Дзева, Маці Касцёла, падтрымлівае яго ў гэты момант", - сказаў на пачатку малітвы кардынал Рэйна.
Набажэнства на Плошчы Святога Пятра сабрала шматлікіх вернікаў, сярод якіх былі кардыналы, арцыбіскупы і біскупы, дыяцэзіяльнае і манаскае духавенства, а таксама свецкія вернікі з Вечнага Горада і пілігрымы з розных краін свету.
Малітоўная ініцыятыва з'яўляецца працягам духоўнай падтрымкі Папы, якую Касцёл праяўляе ў гэтыя дні. Вернікі з усяго свету яднаюцца ў малітве за Святога Айца, выказваючы сваю блізкасць і еднасць з Пастырам Паўсюднага Касцёла.
Малітва Ружанца традыцыйна займае асаблівае месца ў духоўным жыцці католікаў і ў гэты момант становіцца выразам глыбокага клопату і любові вернікаў да Пантыфіка.