Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны  (Yurko Hanchuk)

Кардынал Чэрны вязе ў Ліван пасланне падтрымкі ад Папы

19-23 лютага 2025 года прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека наведае Бейрут. Мэта яго місіі – перадаць, што Святы Айцец памятае пра Ліван, моліцца, падтрымлівае і выказвае сваю салідарнасць з гэтай краінай.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кардынал Майкл Чэрны наведае Ліван па запрашэнні Антыяхійскага Патрыярха маранітаў, кардынала Бешары Бутраса Раі. Ён прыме ўдзел у Пленарнай асамблеі Патрыярхаў і Каталіцкіх Біскупаў Лівана, сустрэнецца з Вялікім муфціем і групай сірыйскіх бежанцаў. Іерарх плануе абмеркаваць такія вострыя праблемы бежанцаў, як адсутнасць дакументаў у дзяцей, што робіць іх патэнцыйнымі ахвярамі гандлю людзьмі і эксплуатацыі.

Праграмай візіту таксама прадугледжана малітва ў порце Бейрута ў памяць пра ахвяр трагічнага выбуху 4 жніўня 2020 года, у выніку якога тысячы людзей загінулі і атрымалі раненні.

Акрамя таго, іерарх сустрэнецца з моладдзю, якая ўдзельнічае ў міратворчых адукацыйных праграмах, наведае школы, дзе вучацца дзеці розных канфесій, а таксама пабывае ў мясцовасці Аль-Манхадж, вядомай як фавэла Міжземнамор'я з-за высокага ўзроўню беднасці і нарказалежнасці. Запланавана таксама сустрэча з мігрантамі, унутрана перамешчанымі асобамі і бежанцамі, якім дапамагаюць Карытас і Езуіцкая служба дапамогі бежанцам.

Папскі пасланнік спадзяецца данесці да бежанцаў блізкасць Святога Айца, а таксама выказаць падзяку і падтрымку ліванскаму народу, які нясе на сабе найбольшы цяжар сярод усіх краін свету: кожны чацвёрты жыхар Лівана сёння з'яўляецца бежанцам.

Наступствы выбуху, які адбыўся ў порце Бейрута 4 жніўня 2020 года
Наступствы выбуху, які адбыўся ў порце Бейрута 4 жніўня 2020 года
18 лютага 2025, 10:37