Кардынал Чэрны ў лагеры для сірыйскіх бежанцаў у Ліване Кардынал Чэрны ў лагеры для сірыйскіх бежанцаў у Ліване 

Кардынал Чэрны наведаў лагер для сірыйскіх бежанцаў у Ліване

Кардынал Майкл Чэрны працягвае візіт у Ліван. Пасля сустрэч з хрысціянскімі і мусульманскімі лідарамі краіны пасланнік Папы наведаў людзей, якія сталі ахвярамі войнаў і беднасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Важным этапам місіі прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека стаў візіт у лагер бежанцаў № 004 у вёсцы Кфардлакос, што ў ваколіцах Трыпалі на поўначы краіны. Гэта адзін з пяцідзесяці лагераў, створаных ліванскімі ўладамі для людзей, якія ўцяклі ад вайны ў суседняй Сірыі.

У структуры, дзе пануюць вельмі бедныя ўмовы, пражываюць 125 чалавек – 25 сем’яў з больш чым 60 дзецьмі. Дапамогу ім імкнецца аказваць каталіцкая арганізацыя Caritas, але сродкаў не хапае.

“Дзеці пакутуюць ад холаду”, - паскардзілася кардыналу адна жанчына. “Мой сын убачыў у смартфоне хлопчыка, які еў мяса, і вельмі раззлаваўся”, – падзялілася болем іншая.

Праблемай з’яўляецца недахоп ежы, вады, рэчаў першай неабходнасці, а таксама адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі. Амаль палову жыхароў лагера складаюць жанчыны, але згодна з культурнымі традыцыямі яны не могуць наведваць шпіталь без суправаджэння мужа ці бацькі. З гэтай прычыны Caritas стварыла для іх мабільны медпункт, дзе, дзякуючы прысутнасці двух урачоў, можна прайсці базавы агляд і атрымаць некаторыя лекі. Падобныя медыцынскія пункты каталіцкай дабрачыннай арганізацыі дзейнічаюць яшчэ ў адзінаццаці лагерах для сірыйскіх бежанцаў, а таксама ў некаторых бедных ліванскіх вёсках.

Кардынал Чэрны запэўніў жыхароў лагера ў блізкасці Папы і выказаў надзею, што яны змогуць вярнуцца дамоў. “Папа рады таму, што я знаходжуся з вамі, мы раздзяляем вашыя слёзы. Папа плача разам з вамі, ён любіць вас”, - падкрэсліў іерарх.

Пасля наведвання лагера прэфект сказаў у каментары Vatican News: “Я згубіў дар мовы, убачыўшы, у якіх экстрэмальных умовах жывуць гэтыя людзі. Умовы тут немагчымыя, людзі змагаюцца за выжыванне. Яны хочуць вярнуцца дамоў, але ведаюць, што ў Сірыі гэта будзе вельмі цяжка. Па сутнасці, дома ў іх ужо няма”.
 

22 лютага 2025, 10:27