Фігура Маці Божай Фацімскай наведае Рым у кастрычніку 2025 года
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведамілі арганізатары перэгрынацыі, 11-12 кастрычніка 2025 года арыгінальная скульптура Маці Божай Фацімскай будзе дастаўлена з партугальскага санктуарыя ў Вечны горад. Яна будзе прысутнічаць на Плошчы Святога Пятра 12 кастрычніка падчас ранішняй Імшы з нагоды Юбілею марыйнай духоўнасці. Да ўдзелу ў гэтым Эўхарыстычным набажэнстве запрашаюцца ўсе жадаючыя. Уваход бясплатны, на афіцыйным сайце Юбілею ўжо распачалася рэгістрацыя, якая працягнецца да 10 жніўня 2025 года, - паведаміла Дыкастэрыя па евангелізацыі.
Чацвёртае наведванне ў Рым
Гэта ўжо чацвёртае наведванне фігуры Маці Божай Фацімскай у Рым. Упершыню яна была дастаўлена сюды ў 1984 годзе падчас Святога Году Адкуплення, калі Папа Ян Павел II прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. У другі раз фігура наведвала Рым падчас Юбілею 2000 года, а ў трэці раз – у 2013 годзе ў межах Года Веры, абвешчанага Папам Францішкам.
Фігура пакідае санктуарый толькі ў выключных выпадках і толькі па просьбе Пантыфікаў, - патлумачыў айцец Карлуш Кабесіньяс, рэктар санктуарыя ў Фаціме.
Скульптура, створаная партугальскім майстрам Жазэ Ферэйрам Тэдзінам у 1920 годзе, звычайна захоўваецца ў Капліцы аб’яўленняў у Фаціме. Менавіта ў гэтым месцы з мая па кастрычнік 1917 года Панна Марыя шэсць разоў аб’яўлялася тром пастушкам.
Фігура вышынёй 104 см выразана з бразільскага кедра. У 1946 годзе яна была ўрачыста каранавана. Пазней да кароны была дададзена куля, якая параніла Яна Паўла II падчас замаху на яго жыццё 13 мая 1981 года.
Маці, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей
Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, лічыць, што "прысутнасць шанаванай ва ўсім свеце фігуры Маці Божай Фацімскай дазволіць кожнаму верніку адчуць блізкасць Панны Марыі". Ён адзначыў, што яна застаецца адной з найважнейшых марыйных выяў для хрысціян усяго свету, бо, як падкрэслівае Святы Айцец у юбілейнай буле Spes non confundit, “яе шануюць як самую пяшчотную з маці, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей”.