Ватыканскі дзіцячы шпіталь Bambino Gesù Ватыканскі дзіцячы шпіталь Bambino Gesù  

Ватыканскі шпіталь: пяць пацыентаў атрымалі інавацыйныя імплантаты

Кардыяхірургі дзіцячай педыятрычнай клінікі Bambino Gesù імплантавалі пяці пацыентам новыя медыцынскія прылады для лячэння цяжкіх парокаў сэрца. Гэта першыя такія аперацыі ў Еўропе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Інавацыйная прылада Alterra Adaptive Prestent складаецца з металічнага стэнта ў форме пясочнага гадзінніка, які пашыраецца сам, аўтаматычна, і лёгачнага клапана. Прылада прызначаецца для пацыентаў з цяжкімі прыроджанымі парокамі сэрца і атрымала сертыфікат СЕ. Першы імплантат быў ужыўлены ў чэрвені 2023 года. Яго галоўная перавага заключаецца ў мінімальнай інвазіўнасці. Пацыенты могуць быць выпісаныя з клінікі ўсяго праз 2-3 дні, - патлумачыў Джанфранка Бутэра, які ўзначальвае аддзяленне кардыяхірургіі ватыканскай дзіцячай бальніцы. Дадатковай перавагай імплантата з'яўляецца тое, што ў адрозненне ад біялагічных клапанаў, якія патрабуюць перыядычнай замены з-за зносу, металічны кампанент “пясочнага гадзінніка” больш даўгавечны і дазваляе ў будучыні ўводзіць дадатковыя новыя клапаны без інвазіўных хірургічных аперацый.

Гэты перадавы метад выкарыстоўваецца для лячэння пацыентаў з сур'ёзным захворваннем сэрца – тэтрадай Фало. Пяць пацыентаў ва ўзросце ад 15 да 40 гадоў, якія прайшлі лячэнне ў Bambino Gesù, сталі першымі ў Еўропе, хто атрымаў гэты імплантат.

Першая імплантацыя была праведзена ў чэрвені 2023 года 21-гадовай дзяўчыне ў рамках дабрачыннай ініцыятывы. На аперацыі прысутнічалі спецыялісты з вядучых еўрапейскіх медыцынскіх цэнтраў з Дубліна, Мюнхена і Варшавы.

14 студзеня 2025, 13:12