Пошук

Тэлескоп у Ватыканскай абсерваторыі Кастэль-Гандольфа Тэлескоп у Ватыканскай абсерваторыі Кастэль-Гандольфа 

Летняя школа Ватыканскай абсерваторыі збярэ таленты з 21 краіны

Ватыканская абсерваторыя абвясціла спіс удзельнікаў штогадовай летняй школы назіральнай астраноміі і астрафізікі, якая будзе працаваць у чэрвені 2025 года ў Кастэль-Гандольфа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 студэнтаў з 21 краіны свету атрымаюць унікальную магчымасць вывучаць Сусвет з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Уэба (JWST) у Папскай летняй рэзідэнцыі Кастэль-Гандольфа пад Рымам. Як паведамляе прэс-служба Ватыканскай абсерваторыі, праграма 2025 года засяродзіцца на асноўных адкрыццях, зробленых з дапамогай JWST за першыя тры гады яго працы.

Студэнты былі адабраныя з больш чым 170 кандыдатаў на падставе іх акадэмічных дасягненняў і патэнцыялу для будучай кар'еры ў астраноміі. Удзельнікі праграмы прадстаўляюць усе кантыненты: двое з Афрыкі, двое з Азіі, адзінаццаць з Еўропы і Паўночнай Амерыкі, восем з Лацінскай Амерыкі і двое з Акіяніі.

На працягу чатырох тыдняў маладыя навукоўцы будуць наведваць лекцыі, працаваць над даследчымі праектамі і, магчыма, сустрэнуцца з Папам Францішкам. Як адзначаюць арганізатары, больш за 85 працэнтаў выпускнікоў папярэдніх школ працягваюць працаваць у якасці прафесійных астраномаў, а некаторыя нават вяртаюцца ў якасці выкладчыкаў.

Гэта будзе 19-я летняя школа з моманту яе заснавання ў 1986 годзе. За гэты час больш за 450 студэнтаў прынялі ўдзел у праграме. Дзякуючы падтрымцы донараў праз Фонд Ватыканскай абсерваторыі, навучанне з'яўляецца бясплатным, а студэнтам аплачваюцца выдаткі на праезд і пражыванне.
 

17 студзеня 2025, 13:33