Вокладка ватыканскага філатэлістычнага альбома за 2024 год Вокладка ватыканскага філатэлістычнага альбома за 2024 год 

Святы Пасад прадставіў філатэлістычную праграму на 2025 год

Нумізматычна-філатэлістычная служба Ватыкана абвясціла праграму выпуску марак на 2025 год. Цэнтральнай тэмай стане Юбілей хрысціянства і шэраг значных гадавін у жыцці Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сведкі Надзеі – так называецца серыя марак, прысвечаная чатыром выбітным постацям Касцёла: благаслаўлёнаму Разарыа Ліватына, святому Шарлю дэ Фуко, святой Марыі ад Укрыжаванага Езуса і святой Кацяры Тэкаквіце.

Значную ўвагу ў праграме надалі юбілейным датам. Сярод іх – 1700-годдзе Нікейскага Сабора, 550-годдзе з дня нараджэння Мікеланджэла Буанароці і 50-годдзе кананізацыі святой Вісэнты Марыі Лопес-і-Вікунья.

Асобныя маркі будуць прысвечаны кананізацыі благаслаўлёных Карла Акуціса і П'ерджорджа Фрасаці, што падкрэслівае значнасць гэтых падзей для сусветнага Касцёла.

У праграме таксама прадугледжаны традыцыйныя штогадовыя выпускі, прысвечаныя падарожжам Папы Францішка, святам Вялікадня і Божага Нараджэння, а таксама серыя Еўропа 2025, прысвечаная нацыянальным археалагічным адкрыццям.

Акрамя паштовых марак, праграма ўключае выпуск спецыяльнага аэраграма да стагоддзя кананізацыі святой Тэрэзы з Лізье і паштовых картак, прысвечаных Мікеланджэла Буанароці. Таксама плануецца выданне філатэлістычнага альбома Ватыкан 2025.

Ужо традыцыйна Служба выпусціла том на чатырох мовах з поўнай калекцыяй паштовых марак і штэмпеляў за 2024 год. На вокладцы змешчаны фотаздымак, які адлюстроўвае кранальны момант Вялікай Пятніцы 2019 года – Папа Францішак цалуе крыж.

Выданне падрыхтавана з выкарыстаннем найноўшых паліграфічных тэхналогій. Яго тыраж складае ўсяго 1600 нумараваных асобнікаў, кожны з якіх мае кошт 95 еўра.

Філатэлістычны том 2024 года працягвае традыцыю штогадовых выданняў, якія з'яўляюцца не проста калекцыяй марак, але і своеасаблівай летапісам падзей, што адбываюцца ў жыцці Каталіцкага Касцёла і Ватыкана.
 

14 студзеня 2025, 12:42