Сястра Сымона Брамбіла Сястра Сымона Брамбіла  (Vatican Media)

Ватыкан: упершыню жанчына на пасадзе прэфекта

6 студзеня 2025 года Папа Францішак прызначыў сястру Сымону Брамбілу на пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

59-гадовая італьянская законніца належыць да кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы. Яна мае ступень доктара псіхалогіі, атрыманую ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, займалася місіянерскай і выкладчыцкай дзейнасцю.

У 2011 годзе была абрана Генеральнай настаяцельніцай сваёй манаскай супольнасці, а ў 2017 годзе пераабрана на гэту пасаду, якую яна займала да мая 2023 года. З 2019 года манахіня з’яўляецца членам Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. З кастрычніка 2023 года была сакратаром гэтага ватыканскага ведамства.

З прызначэннем на пасаду прэфекта сястра Сымона Брамбіла стала першай жанчынай у гісторыі, якая заняла такую высокую пасаду ў Рымскай курыі.

Францішак таксама прызначыў прапрэфекта Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Ім стаў 65-гадовы іспанскі кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, былы генеральны настаяцель салезіянаў святога Яна Боска.
 

06 студзеня 2025, 12:45