Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: выхаванне ў духу міра – супрацьяддзе ад насілля

Важнасць памяці пра прычыны Халакосту і выхавання новых пакаленняў у духу міру адзначыў 30 студзеня 2025 года мансеньёр Рычард Гіра, які прыняў удзел у канферэнцыі АБСЕ, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення вязняў канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Вене нагадаў словы Папы пра тое, што “памяць і асуджэнне жудаснага знішчэння мільёнаў юдэяў і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, якое мела месца ў першай палове мінулага стагоддзя, дапамагаюць усім нам не забываць, што логіка нянавісці ніколі не можа быць апраўдана, бо яна адмаўляе саму нашу чалавечнасць”.

“Сапраўды, памяць пра падзеі мінулага не толькі дапамагае прадухіліць паўтарэнне тых жа самых памылак, але і дазваляе памяці, як плёну досведу, служыць асновай і натхненнем для цяперашніх і будучых рашэнняў, накіраваных на мір”, - падкрэсліў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў занепакоенасць распаўсюджваннем антысемітызму ў розных частках свету. “Выхаванне ў духу міра з’яўляецца асноватворным ключом для выкаранення гэтага зла, разам з прыхільнасцю грамадству “братэрства і прыняцця іншых”, дзякуючы больш глыбокаму асэнсаванню гістарычнага мінулага. Выхаванне цяперашняга і будучых пакаленняў з лепшым разуменнем прычын, якія прывялі да Катастрофы і іншых незлічоных злачынстваў, з’яўляецца неабходным супрацьяддзем ад гэтай спіралі насілля, якую, на жаль, мы ўсё яшчэ назіраем”, - сказаў дыпламат Апостальскай Сталіцы.

Мансеньёр Рычард Гіра ад імя Святога Пасаду пажадаў, каб Дзень памяці ахвяр Халакосту ў гэтым годзе змог унесці значны ўклад у тое, каб даць каштоўны і эфектыўны ўрок цяперашняму і будучым пакаленням, накіраваны на ўмацаванне міру і сапраўднай павагі да годнасці кожнага чалавека.
 

31 студзеня 2025, 11:46