Маладыя ўдзельнікі акцыі супраць гандлю людзьмі ў 2024 годзе Маладыя ўдзельнікі акцыі супраць гандлю людзьмі ў 2024 годзе  (Culmone Simionati/talitha kum uisg)

Святы Пасад правядзе моладзевыя акцыі супраць гандлю людзьмі

“Паслы надзеі. Разам супраць гандлю людзьмі” – пад такім дэвізам 8 лютага 2025 года будзе адзначацца XI Сусветны дзень малітвы, разважання і дзейнасці супраць гандлю людзьмі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды ініцыятывы Апостальская Сталіца правядзе шэраг адмысловых акцый з удзелам маладых людзей, якія прыбудуць з розных краін, каб засведчыць сваю гатоўнасць праз канкрэтныя дзеянні вярнуць надзею ахвярам сучаснага рабства.

Першай падзеяй стане ўдзел моладзі ў малітве Анёл Панскі з Папа Францішкам 2 лютага на плошчы святога Пятра. На наступны дзень юнакі і дзяўчаты пачнуць здзяйсняць пілігрымкі па Рыме, каб прайсці праз Святыя Брамы, адкрытыя ў папскіх базіліках. 4 лютага яны прыцягнуць увагу да праблемы гандлю людзьмі з дапамогай флэш-моба на плошчы перад касцёлам Санта-Марыя-ін-Трастэверы, у якім вечарам прымуць удзел у адмысловай экуменічнай малітве. 5 лютага юнакі і дзяўчаты паўдзельнічаюць у фармацыйнай сустрэчы, а 6 лютага – возьмуць удзел у канферэнцыі Заклік да надзеі і аздараўлення, якая адбудзецца ў Папскім універсітэце Святога Крыжа.

7 лютага дэлегацыю моладзі, ахвяр гандлю людзьмі і прадстаўнікоў арганізацый, якія змагаюцца з гэтай з’явай, прыме ў Ватыкане Папа Францішак. Адразу пасля аўдыенцыі адбудзецца малітоўная анлайн-сустрэча, якая аб’яднае маладых вернікаў з усіх кантынентаў. 8 лютага маладыя людзі збяруцца на сустрэчы, падчас якой скіруюць да міжнароднай супольнасці заклік пакласці канец сучаснаму рабству.

Па даных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый сёння ў свеце налічваецца каля 50 мільёнаў чалавек, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі. У першую чаргу гэта датычыць жанчын, дзяцей, мігрантаў і бежанцаў.
 

30 студзеня 2025, 12:10