Святы Пасад: асновай чалавечай дзейнасці павінна стаць гуманнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дэлегацыя Святога Пасада прыняла удзел у нефармальным інтэрактыўным дыялогу Захаванне чалавечай годнасці ва ўзброеных канфліктах. Садзейнічанне выкананню міжнароднага гуманітарнага права, які прайшоў у Нью-Ёрку 28 студзеня 2025 года. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)
Маральная адказнасць
Выкананне міжнароднага гуманітарнага права грунтуецца на маральным абавязку гарантаваць павагу да чалавечай асобы. Яго нормы – не абстрактныя палажэнні, а канкрэтныя гарантыі, прызначаныя для змякчэння пакут, якія прычыняюць ваенныя канфлікты. У прыватнасці, Жэнеўскія канвенцыі і Дадатковыя пратаколы да іх забяспечваюць аснову для абароны грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Годнасць чалавека
Дыпламат нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што "ўся міжнародная супольнасць, здаецца, пагаджаецца з неабходнасцю выканання міжнароднага гуманітарнага права, аднак яе няздольнасць прымяняць гэта права канкрэтна і ў поўным аб'ёме выклікае пытанні". Гэта сведчыць аб паступовай эрозіі таго, што ляжыць у аснове нашага існавання – уласцівай кожнаму чалавеку годнасці, дадзенай яму Богам. Гэты сур'ёзны недахоп міжнароднай супольнасці ставіць пад пагрозу не толькі ахвяр вайны, але і саму маральную аснову глабальнай бяспекі.
Парушэнні міжнароднага гуманітарнага права
Назіральнік Святога Пасада падкрэсліў, што ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва нельга разглядаць як “пабочныя страты”. Напады на грамадзянскіх асоб, а таксама на аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, такія як школы, шпіталі і цэрквы, уяўляюць сабой асабліва трывожныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права. Блакада гуманітарнай дапамогі ў зонах канфліктаў таксама з'яўляюцца абразай годнасці людзей, бо пазбаўляе іх прадметаў першай неабходнасці, такіх як ежа, вада і лекі.
Актыўны абавязак
Адстойванне чалавечай годнасці – гэта не пасіўны ідэал, а актыўны абавязак. Міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць неадкладна дзеля забеспячэння павагі да гуманітарнага права пры любых абставінах. Для эфектыўнай абароны чалавечай годнасці неабходна аднавіць каштоўнасці, на якіх грунтуюцца прававыя прынцыпы і нормы, і ўкараніць іх у грамадскай свядомасці такім чынам, каб прынцып гуманнасці стаў асновай нашай дзейнасці, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.