Пошук

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні 

Руфіні: камунікацыя засноўваецца на адносінах, яна не аднабаковая

З 24 па 26 студзеня 2025 года ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца Юбілей СМІ. На думку прэфекта Дыкастэрыі па камунікацыі, Святы год дае кожнаму чалавеку магчымасць задумацца і адшукаць глыбокі сэнс у нашай дзейнасці ў якасці камунікатараў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 студзеня 2025 года Паола Руфіні даў інтэрв’ю Vatican News, у якім распавёў пра надыходзячы Юбілей свету СМІ, журналістыкі і камунікацыі. Першая, пасля адкрыцця Святой Брамы, юбілейная падзея прымеркавана да ўспаміну заступніка журналістаў святога Францішка Сальскага, дзень якога адзначаецца 24 студзеня.

Прэфект падкрэсліў, што сапраўдная камунікацыя – гэта не аднабаковы працэс, а працэс заснаваны на любові, клопаце і адносінах. Ён адзначыў, што без адносін няма надзеі, і заклікаў журналістаў умець прабачаць і пачынаць адносіны нанова.

У праграме Юбілею камунікацыі – шматлікія сустрэчы. Ключавымі падзеямі стануць папская аўдыенцыя і праход праз Святую Браму. Руфіні падкрэсліў, што Юбілей – гэта не імгненная, як феерверк, падзея, калі “вы прайшлі праз Святую Браму і як па чараўніцтве нешта адбываецца", а працяглы шлях перамен, які закранае кожнага верніка. Ён заклікаў успрымаць Святы Год як “знак, які аднаўляе глыбокія карані нашай веры”, як магчымасць здаць экзамен на сумленне і зразумець нешта важнае.

Падчас прамога эфіру слухачы папрасілі надаць больш увагі жыццёвым гісторыям. "Гісторыі – гэта мы, мы – гісторыі, якія распавядаем, і гісторыі, якія здараюцца з намі. Чалавечы інтэлект – гэта спалучэнне інтэлекту сэрца і інтэлекту розуму. Без сэрца мы не можам зразумець усё па-сапраўднаму", - падкрэсліў Руфіні.

Прэфект нагадаў пра неабходнасць запаволіць тэмп – “сцерці падэшвы абутку”. “Каб зразумець рэчы, неабходна трохі марудлівасці, час ад часу трэба спыняцца, каб зразумець нашы душы, каб зразумець душу іншага чалавека, калі мы хочам мець поспех у журналістыцы”, - сказаў ён.

Руфіні заклікаў журналістаў захоўваць памяць, умець звязваць розныя падзеі і кантэксты, каб прапаноўваць “перспектыву дабра”. У гэтым задача журналістаў, і гэта тое, што мы губляем у шпаркасці часу. “Усё, чаго мы жадаем, гэта дзяліцца з іншымі нашай інтэрпрэтацыяй свету, ісцінай, якая была адкрыта нам, і мы ўсімі сіламі імкнемся шукаць яе ў нашай гісторыі”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.

Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui

23 студзеня 2025, 12:36