Пошук

Кардынал Паралін падчас кансэкрацыі касцёла Хросту Езуса ў Іарданіі Кардынал Паралін падчас кансэкрацыі касцёла Хросту Езуса ў Іарданіі  (AFP or licensors)

Паралін: справядлівы мір грунтуецца на міжнародным праве

Пасля кансэкрацыі касцёла Хросту Езуса ў Іарданіі, якая адбылася 10 студзеня 2025 года, кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасаду Андрэа Тарніелі, у якім падзяліўся думкамі наконт розных міжнародных праблем.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Асвячэнне новага касцёла ў рэгіёне, пазначаным шматлікімі канфліктамі, а таксама масавы ўдзел вернікаў у гэтай падзеі бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў важным знакам надзеі. Ён падкрэсліў, што хрысціяне з’яўляюцца неад’емнай часткай насельніцтва Блізкага Усходу і павінны рабіць каштоўны ўнёсак у жыццё мясцовых грамадстваў. Без іх гэты рэгіён значна збяднее, - перакананы іерарх.

Звяртаючыся да сітуацыі ў Сірыі, кардынал Паралін выказаў пажаданне, каб для гэтай краіны пачаўся новы час, калі хрысціяне будуць мець аднолькавыя правы і прэрагатывы з вызнаўцамі іншых рэлігій. Ён падкрэсліў, што, згодна з пазіцыяй Святога Пасаду, усе грамадзяне павінны быць роўнымі, мець роўныя правы і абавязкі перад законам. Гэта датычыць таксама рэлігійных меншасцяў, у тым ліку хрысціян.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца назваў станоўчым сігналам абранне прэзідэнта ў Ліване, дзе ў выніку палітычнага крызісу пасада кіраўніка дзяржавы заставалася вакантнай на працягу двух гадоў.

“Мы шчыра спадзяемся, што гэтыя выбары азнаменуюць новы этап у жыцці Лівана, калі ўсе палітычныя сілы аб’яднаюцца, каб знайсці агульную мову і працаваць на карысць краіны, асабліва дзеля тых рэформаў, якія краіне абсалютна неабходныя”, - сказаў ён, падкрэсліваючы важнасць устанаўлення справядлівасці для ахвяр і блізкіх людзей, якія пацярпелі ад выбуху ў бейруцкім порце, і аднаўлення эканамічнай стабільнасці, якая прывяла да глыбокай беднасці і вялікіх пакут у краіне.

Гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, іерарх выказаў смутак з прычыны адсутнасці магчымасці весці перамовы і перавагі “права сілы” над “сілай закону”. Ён нагадаў пра атмасферу недаверу і ўзаемнага страху, якая спрыяе ўсё большай палярызацыі паміж дзяржавамі і грамадствамі і перашкаджае пошуку агульных рашэнняў. Іерарх адзначыў адсутнасць даверу, неабходнага для вядзення дыялогу, а таксама здольнасці паглядзець на сітуацыю з пункту гледжання апанента. “Неабходна здольнасць ісці насустрач адзін аднаму, разумець або, прынамсі, успрымаць сур’ёзна матывы іншага”, - сказаў ён, адзначаючы таксама крызіс міжнародных арганізацый, якія былі створаны пасля Другой сусветнай вайны менавіта для таго, каб спрыяць дыялогу.

Кардынал Паралін заўважыў, што “дух Хельсінкі”, да якога заклікаў Папа ў нядаўнім звароце да дыпламатычнага корпуса, з’яўляецца супрацьлегласцю менталітэту закрытасці і прадугледжвае здольнасць прымаць законнасць існавання іншых пунктаў гледжання і прыміраць іх з уласнымі праз пошук здаровага кампрамісу.

Адказваючы на пытанне пра тое, што значыць “справядлівы мір,” Дзяржсакратар адказаў: “Справядлівы мір, на маю думку, значыць мір, які грунтуецца на міжнародным праве і дэкларацыях ААН. Гэта два інструменты, якімі валодае міжнародная супольнасць для рэгулявання адносін паміж дзяржавамі і супольнасцямі дзяржаў. З хрысціянскага пункту гледжання мы ведаем, што такое справядлівасць у розных яе праявах, але я б сказаў, што ў аснове сваёй “справядлівы мір” азначае мір, які адпавядае міжнароднаму праву і яго нормам.”

Іерарх адзначыў таксама, што ў хрысціянскай думцы справядлівасць спалучаецца з любоўю і прабачэннем. “Папа Францішак, звяртаючыся да дыпламатычнага корпуса, гаварыў аб дыпламатыі прабачэння. Гэта вельмі прыгожы ўрывак, бо ён казаў пра здольнасць выйсці за рамкі простых патрабаванняў справядлівасці”, - падкрэсліў Дзяржсакратар.

Закранаючы тэму адносін з Кітаем, кардынал Паралін заўважыў, што Апостальская Сталіца вырашыла ісці шляхам дыялогу і пачаць з пытання прызначэння біскупаў, вельмі важнага для адзінства Касцёла. Ён адзначыў, што шлях павольны і складаны, на якім не можа быць “магічных” рашэнняў, але ён накіраваны да будавання даверу і дыялогу з надзеяй на добрыя плёны ў будучыні.
 

11 студзеня 2025, 11:59