Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя прызначэнні ў Дыкастэрыі Божага культу

Святы Айцец прызначыў 11 студзеня 2025 года чатырох новых чальцоў Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, сярод якіх – дзве жанчыны-выкладчыцы тэалогіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У склад Дыкастэрыі ўвайшлі: арцыбіскуп Дыега Джавані Равэлі, які з'яўляецца магістрам папскіх літургічных цэлебрацый і кіраўніком Папскай музычнай капэлы, а таксама айцец-абат Джэрэмі Дрыскол з бенедыктынскага абацтва Маўнт-Энджэл у ЗША.

Асаблівую ўвагу прыцягвае прызначэнне дзвюх жанчын-прафесараў: Мэры Хілі, выкладчыцы Дэтройцкай духоўнай семінарыі Сакрэ-Кёр, і Доны Лін Арсута, выкладчыцы тэалагічнага факультэта Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта і дырэктара The Lay Centre at Foyer Unitas у Рыме.

Новыя чальцы Дыкастэрыі будуць удзельнічаць у фарміраванні літургічнай практыкі Каталіцкага Касцёла і ў вырашэнні пытанняў, звязаных з цэлебрацыяй сакрамэнтаў. Іх досвед і кампетэнцыі ўзбагацяць працу ўстановы, якая адказвае за рэгуляванне і прасоўванне святой літургіі.

Прызначэнне жанчын на высокія пасады ў Рымскай курыі працягвае тэндэнцыю, распачатую Папам Францішкам па ўмацаванні іх ролі ў кіраванні Касцёлам.
 

11 студзеня 2025, 12:10