Юбілей Камунікацыі: нобелеўская лаўрэатка пра адказныя медыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Першая падзея Святога года – Юбілей Свету Камунікацыі – сабрала ў Рыме з 24 па 26 студзеня 2025 года прадстаўнікоў медыя з усяго свету. Арганізатарам выступіла Дыкастэрыя па камунікацыі.
"Мы жывём у свеце, дзе праўда становіцца таварам, а маўчанне – залатым", - заявіла Марыя Рэса падчас сустрэчы з журналістамі ў рамках Юбілею. Яна падзялілася асабістым досведам барацьбы з дэзінфармацыяй на Філіпінах і заклікала калег да большай смеласці ў абароне праўды.
Нобелеўская лаўрэатка падкрэсліла праблему кібернасілля, адзначыўшы, што нядаўняе спыненне фактчэкінгу на Facebook у імя свабоды слова з'яўляецца нерацыянальным і вельмі небяспечным. Працэс праверкі фактаў яна параўнала з канструкцыяй залы, у якой праходзіла сустрэча: "Гэтая структура не абмяжоўвае нас, а дае пачуццё бяспекі – мы не баімся, што будынак зваліцца, бо ён мае канкрэтныя рамкі".
Праваабаронца заклікала прысутных смела падымаць голас, асабліва тады, калі зручней прамаўчаць. Яна нагадала пра біблейскі заклік рабіць іншым тое, што мы хацелі б, каб рабілі нам. Завяршаючы сваё выступленне лозунгам Hope is not passive, яна заахвоціла ўдзельнікаў у гэты Год Надзеі засяродзіцца на абароне найбольш безабаронных і быць у гэтым непахіснымі.
Завяршальным этапам Юбілею для маладых удзельнікаў стала нядзельная сустрэча, прысвечаная камунікацыі і развіццю эмпатыі паміж людзьмі розных культур. Прадстаўнікі арганізацыі Narrative4 правялі майстар-класы з унікальнай методыкай, дзе ўдзельнікі павінны былі сесці твар у твар з іншым чалавекам, расказаць абраную гісторыю са свайго жыцця, а потым, вярнуўшыся ў агульны круг, пераказаць гісторыю свайго суразмоўцы ад першай асобы.
Такі фармат дазволіў пераадолець моўныя і культурныя бар'еры, стварыўшы атмасферу глыбокага даверу і ўзаемаразумення паміж маладымі людзьмі з розных краін і кантынентаў.
Падводзячы вынікі, Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, адзначыў, што сёння як ніколі раней Касцёлу патрэбны свежы погляд і энергія маладога пакалення.
Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui