Святы Пасад вітае рашэнне Кубы вызваліць палітвязняў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал П’етра Паралін, які зараз знаходзіцца з візітам у Францыі, падкрэсліў асаблівую значнасць таго факту, што ўлады Гаваны непасрэдна звязалі сваё рашэнне з заклікам Папы Францішка, выказаным у буле абвяшчэння Юбілейнага года і ў іншых выпадках.
"Мінулы год завяршыўся рашэннем прэзідэнта ЗША замяніць дзясяткі смяротных прысудаў на пажыццёвае зняволенне, а таксама навіной пра адмену смяротнага пакарання ў Зімбабвэ", - адзначыў кардынал у гутарцы з ватыканскімі СМІ.
"Спадзяёмся, што 2025 год працягне гэты кірунак і добрых навін стане больш, асабліва ў тым, што тычыцца перамір'я ў шматлікіх канфліктах, якія ўсё яшчэ працягваюцца", - падкрэсліў Дзяржсакратар.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль паведаміў пра рашэнне вызваліць 553 зняволеных у асабістым лісце да Пантыфіка ў пачатку студзеня 2025 года. Міністэрства замежных спраў Кубы 15 студзеня 2025 года выпусціла афіцыйную заяву, у якой падкрэсліла, што гэты крок з'яўляецца вынікам "цесных і актыўных адносін" са Святым Пасадам.