Дзяржсакратар у Парыжы: неабходна здаровая свецкасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім выступленні, якое прайшло 16 студзеня 2025 года ў Міністэрстве замежных спраў Францыі, кардынал Паралін нагадаў пра мадэль "здаровай свецкасці", аб якой казаў Папа падчас апостальскага падарожжа на Корсіку. Пантыфік заклікаў тады да падтрымання спакойных і канструктыўных адносін паміж грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі.
Дыпламат адзначыў даўгавечнасць пагаднення Пуанкарэ-Чэрэці, якое было заключана ў 1924 годзе пасля доўгага перыяду напружанасці, выкліканай законам 1905 года аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы. Пагадненне "атрымала аднагалоснае адабрэнне ўнутры Касцёла", - зазначыў кардынал Паралін.
Заклік да здаровай свецкасці
Прадстаўнік Святога Пасада паразважаў пра фундаментальнае для Францыі паняцце свецкасці. Сам прынцып свецкасці не аспрэчваецца, але тое, як гэты прынцып інтэрпрэтуецца і ўжываецца, асабліва калі закранае рэлігійныя пачуцці ці падрывае традыцыі, можа выклікаць занепакоенасць, - адзначыў ён, заклікаючы да здаровай свецкасці, “здольнай адаптавацца да розных кантэкстаў і садзейнічаць пастаяннаму супрацоўніцтву паміж грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі".
Баланс паміж роўнасцю і свабодай сумлення
Дзяржаўны сакратар падкрэсліў важнасць павагі да роўнасці грамадзян і свабоды іх сумлення, адзначыўшы, што французы павінны звяртацца да такой фундаментальнай каштоўнасці Французскай рэспублікі, як братэрства, для пераадолення магчымай напружанасці ў сувязі з прыбыццём мігрантаў.
Кардынал Паралін таксама выказаў спадзяванне на роўнасць усіх грамадзян перад законам і на павагу да ўсіх веравызнанняў, як прадугледжана законам 1905 года і Канстытуцыяй Францыі.
Рэканструкцыя сабора Нотр-Дам
Бліжэйшы супрацоўнік Папы таксама згадаў пра адкрыццё катэдры Нотр-Дам праз пяць гадоў пасля пажару, адзначыўшы яго як прыклад добрага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам. Падзея выклікала энтузіязм ў Францыі і Еўропе. "Нотр-Дам, у бляску сваёй адноўленай велічнай прыгажосці, падарыў усім момант ласкі, братэрства і еднасці", - сказаў кардынал Паралін.