Кардынал Клаўдыё Гуджэроці Кардынал Клаўдыё Гуджэроці 

Кардынал Гуджэроці здзейсніць візіт у Сірыю

23-29 студзеня 2025 года прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў наведае Сірыю. У рамках паездкі ён пабывае ў Дамаску, Алепа і Хомсе. Мэта місіі – сустрэцца з хрысціянскімі супольнасцямі і засведчыць блізкасці і падтрымку Святога Айца.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак даручыў кардыналу Клаўдыё Гуджэроці наведаць Сірыю, каб данесці да мясцовых католікаў яго салідарнасць, падтрымку і благаслаўленне. Папа жадае, каб сірыйскія вернікі адчулі любоў і падтрымку ўсяго Каталіцкага Касцёла і Біскупа Рыма, які бесперапынна моліцца аб іх.

На працягу стагоддзяў сірыйскія хрысціяне ўносілі значны ўклад у культурнае і сацыяльнае развіццё краіны. Сёння яны імкнуцца захаваць актыўную ролю ў адраджэнні Сірыі.

Францішак не раз выказваўся супраць санкцый, якія сталі прычынай беднасці сірыйцаў і масавай міграцыі, заклікаў да аднаўлення міру і запэўніваў у падтрымцы з боку Каталіцкага Касцёла. Папа таксама заклікае распачаць працу па стварэнні новай Канстытуцыі, якая гарантавала б свабоду, годнасць чалавека і мірнае суіснаванне ўсіх этнічных і рэлігійных груп у краіне.

Кардынал Гуджэроці наведае Сірыю з 23 па 29 студзеня 2025 года ў суправаджэнні арцыбіскупа Мішэля Джалаха і айца Эмануэля Сабадаха. У праграме – наведванне Дамаска, Алепа і Хомса.

Падчас знаходжання ў краіне кардынал Гуджэроці разам з апостальскім нунцыем, кардыналам Марыё Дзэнары, сустрэнецца з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі, якія належаць да розных Цэркваў, у тым ліку грэка-мелькіцкай, мараніцкай, халдэйскай, сірыйскай, армянскай і лацінскай. Запланавана таксама сустрэча з праваслаўнымі патрыярхамі Ігнаціем Эфрэмам II і Іаанам X. У Дамаску і Алепа Гуджэроці сустрэнецца з прадстаўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый. У Хомсе прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні каталіцкіх біскупаў.

Важнай падзеяй стане ўдзел прадстаўніка Святога Пасада ў Эўхарыстычным набажэнстве, якое адбудзецца 25 студзеня 2025 года ва ўрачыстасць Навяртання апостала Паўла. Набажэнства пройдзе ў Мемарыяльным комплексе святога Паўла ў Дамаску, пабудаваным на месцы, якое, па традыцыі, лічыцца месцам яго навяртання.

Фінальным этапам паездкі кардынала Гуджэроці стане візіт у Бейрут (Ліван), дзе ён правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі Апостальскай нунцыятуры.

23 студзеня 2025, 11:04