Кардынал Клаўдыё Гуджэроці падчас сустрэчы з законнікамі ў Сірыі Кардынал Клаўдыё Гуджэроці падчас сустрэчы з законнікамі ў Сірыі  

Кардынал Гуджэроці ў Сірыі: міласэрнасць – шлях да прымірэння

На завяршэнне сваёй місіі ў Сірыі кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, наведаў Хомс, дзе прыняў удзел у пленарным пасяджэнні сірыйскага епіскапату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Напярэдадні ватыканскі іерарх правёў два дні ў Алепа, сустракаючыся з каталіцкімі супольнасцямі розных абрадаў і супрацоўнікамі дабрачынных арганізацый.

“Справядлівасць – гэта міласэрнасць, а міласэрнасць – гэта справядлівасць. Сэрца сціскаецца, калі бачыш, якое насілле прымянялася з усіх бакоў, каб пагрузіць Сірыю і яе народ у такую беднасць. Папа Францішак паслаў мяне сюды, каб падзякаваць усім, хто ўбачыў Езуса ў бедных і пагарджаных. Я не магу прадказаць, якой будзе Сірыя ў будучыні, але магу сказаць, што абмываць раны Хрыста – гэта палітыка і стратэгія Касцёла”, - нагадаў прэфект прадстаўнікам гуманітарных місій, падкрэсліваючы, што велікадушнасць, салідарнасць і гасціннасць могуць быць сродкамі прымірэння.

Падчас сустрэчы з сірыйскім духавенствам у мельхіцкай катэдры ў Алепа кардынал Гуджэроці заклікаў клапаціцца не толькі пра вернікаў, але і пра ўсе групы сірыйскага грамадства, асабліва пра моладзь, якая павінна атрымаць падтрымку, належную фармацыю і быць уключанай у працэсы аднаўлення краіны. Іерарх заклікаў біскупаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцей распрацаваць канкрэтныя і эфектыўныя праекты, якія можна будзе рэалізаваць з дапамогай Апостальскай Сталіцы.

Візіт кардынала Гуджэроці ў Сірыю, якая паступова адраджаецца пасля гадоў вайны, адбыўся з 23 па 29 студзеня 2025 года. Спецыяльны пасланнік Папы наведаў Дамаск, Алепа і Хомс, каб сустрэцца з мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі і засведчыць ім блізкасць і падтрымку Святога Айца.

30 студзеня 2025, 09:54