Пошук

Пасол Кіпра Джордж Пулідэс, дэкан дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе Пасол Кіпра Джордж Пулідэс, дэкан дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дэкан дыпкорпуса: Папа – крыніца надзеі для многіх народаў

Пасол Кіпра Джордж Пулідэс ад імя дыпламатычнага корпуса пры Апостальскай Сталіцы падзякаваў Францішку за яго няспынную працу на карысць міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйная навагодняя сустрэча Папы з дыпламатамі розных краін, якая прайшла 9 студзеня 2025 года, сёлета набыла асаблівае значэнне ў кантэксце пачатку Юбілейнага года, прысвечанага надзеі.

У сваім выступленні дэкан дыпкорпуса правёў глыбокую паралель паміж нядаўнім адкрыццём Святой Брамы ў ватыканскай базіліцы і старажытнагрэчаскім міфам пра скрыню Пандоры, на дне якой захавалася надзея

Надзея заўсёды перамагае цемру і адчай

"У часы, калі свет разрываецца войнамі і экстрэмальнымі кліматычнымі з'явамі, кожны з нас шукае промень святла", - падкрэсліў Пулідэс, дзелячыся сваімі разважаннямі пра сімвалічнае бачанне надзеі. Ён адзначыў, што Францішак прапануе не проста суцяшальны міф, а рэальную "надзею, якая не расчароўвае".

Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні кіпрскі дыпламат надаў ролі Святога Айца ў міжнародных адносінах. "Мы ўдзячныя за Вашу няспынную працу, якая з'яўляецца крыніцай надзеі для многіх народаў, людзей па ўсім свеце", - падкрэсліў Пулідэс, адзначаючы паслядоўную пазіцыю Папы ў пытаннях міру і справядлівасці.

Дыпламатыя павінна быць творчай і смелай у пошуках шляхоў да міру

Пасол таксама падкрэсліў важнасць творчага падыходу ў дыпламатыі для ўмацавання адзінства ў разнастайнасці. "У свеце, дзе пануе дысбаланс і канфлікты, нам неабходна вярнуцца да самага галоўнага – да сэрца", - адзначыў ён, заклікаючы да больш глыбокага разумення чалавечнасці ў міжнародных адносінах.

Выступленне завяршылася цёплымі пажаданнямі Францішку моцнага здароўя і шчаслівага Новага года ад усёй дыпламатычнай супольнасці. Дэкан дыпкорпуса выказаў упэўненасць, што пры ўдзеле Святога Айца міжнародная супольнасць зможа знайсці новыя шляхі да міру і ўзаемаразумення паміж народамі.
 

09 студзеня 2025, 10:47