Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE

У Ватыкане прайшоў паказ фільма пра Баляслава Слосканса

16 мая 2024 года ў Ватыкане прайшоў паказ дакументальнага фільма "Біскуп паводле Божага сэрца", прысвечанага Апостальскаму адміністратару Магілёўскай мітраполіі, біскупу Баляславу Слоскансу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падзея адбылася ў Ватыканскай фільматэцы ў Палацы святога Карла ў рамках візіту ў Ватыкан Прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі Эдгардса Рынкевічса. Яна была арганізавана Пасольствам Латвіі пры Апостальскай Сталіцы ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным сакратарыятам.

Разам з латвійскім лідарам у праглядзе стужкі браў удзел кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій пры Святым Пасадзе, пастулятар і віцэ-пастулятар беатыфікацыйнага працэсу Баляслава Слосканса, ватыканскія работнікі, святары і супрацоўнікі СМІ.

У прывітальным слове Эдгардс Рынкевічс, заўважыў, што гераічны прыклад біскупа Баляслава Слосканса працягвае натхняць многіх людзей у Латвіі, Беларусі, Бельгіі і іншых частках Еўропы, нават у Расіі. Ён распавёў, што мінулым летам наведаў мястэчка, у якім быў ахрышчаны Слосканс, ураджэнец Стырніене ў Латгаліі. Палітык таксама выказаў пажаданне, каб беатыфікацыйны працэс гэтага пастыра завяршыўся як мага хутчэй.

Кардынал Паралін, у сваю чаргу, звярнуў увагу на актуальнасць прыкладу міралюбівасці, які пакінуў Баляслаў Слосканс. Дзяржсакратар працытаваў словы, якія іерарх напісаў сваім бацькам у лісце з савецкага лагера: “Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дапусцім гэта, то будзем не сапраўднымі хрысціянамі, а фанатыкамі”.

Фільм Біскуп паводле Божага сэрца (Un évêque selon le cœur de Dieu) быў зняты ў 2018 годзе па ініцыятыве Sloskans Foundation. Яго стваральнікі, пад кіраўніцтвам ксяндза Паскальса Марыі Яруманіса, пастулятара беатыфікацыйнага працэсу, наведалі многія месцы, звязаныя з жыццём біскупа Слосканска. З дапамогай архіўных кадраў, кіна- і фотахронікі, сучасных здымак і сабраных сведчанняў яны расказалі пра яго дзяцінства ў Латгаліі, вучобу ў Петраградзе, святарскае служэнне ў парафіях Беларусі і Латвіі, таемнае біскупскае пасвячэнне ў Маскве, арышты, турмы і ссылкі на Салаўкі і ў Сібір, ад’езд у Заходнюю Еўропу, дзе Папа даручыў яму служэнне эмігрантам-католікам: беларусам, латышам, рускім, эстонцам. 

Атмасферу эпохі ў фільме перадавалі дакументальныя кадры разбурэння хрысціянскіх храмаў у перыяд устанаўлення савецкай улады, здымкі бяскрайніх краявідаў поўначы Расіі, змучаных твараў ахвяр сталінскага таталітарнага рэжыму і нялюдскіх умоў, у якіх яны былі вымушаны знаходзіцца. Біскуп Слосканс, апынуўшыся там, заставаўся чалавекам міру і сведкам Божай любові. Ён быў паказаны як мужны і лагодны пастыр, які любіў усіх, незалежна ад нацыянальнасці, і быў гатовы аддаць жыццё за сваю паству, згодна з уласным біскупскім дэвізам Hostia pro fratribus – Ахвяра за братоў.

Некаторыя часткі фільма былі зняты ў Беларусі. Перад вачыма гледачоў некалькі разоў паўставалі мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, магілёўская катэдра святога Станіслава. Сваімі думкамі пра героя стужкі дзяліліся не толькі латвійскія біскупы, але таксама і беларускія іерархі і святары: арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі, архімандрыт Сяргей Гаек, ксёндз Раман Факсінскі.

У пэўны момант з экрана на беларускай мове прамовіў і сам біскуп Баляслаў Слосканс, а потым закадравы голас сказаў па-французску: “Калі ён жыў у Заходняй Еўропе заўсёды абараняў беларусаў”. І калі бачыш, як у самым цэнтры хрысціянскага свету гэтыя словы ўважліва слухаюць найвышэйшыя касцёльныя іерархі, лідары і дыпламатычныя прадстаўнікі розных краін, узнікае цвёрдая ўпэўненасць, што біскуп Слосканс працягвае клапаціцца пра наш народ і пры розных нагодах нагадваць пра яго свету, як рабіў гэта на працягу свайго зямнога жыцця.

 

16 мая 2024, 17:31
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031