Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
РУЖАНЕЦ НА ЛАЦІНСКАЙ МОВЕ
Расклад Падкасты
Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: хрысціяне павінны быць душой Еўропы

Кардынал П’етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). Па прычыне пандэміі форум праходзіў у фармаце відэаканферэнцыі.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы заўважыў, што ва ўмовах пандэміі Касцёл у Еўропе пакліканы з большым запалам выконваць сваю місію і несці пасланне веры, адзінства, салідарнасці і надзеі.

Іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды рознымі спосабамі падтрымліваў праект еўраінтэграцыі: ад абвяшчэння святых нябесных апекуноў кантынента да візітаў Пантыфікаў у структуры Еўрасаюза.

Паводле кардынала Параліна, важным крокам стала стварэнне ў 1980 г. Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, пакліканай суправаджаць палітычныя працэсы Еўрапейскага Саюза ў сферах, якія ўяўляюць цікавасць для Касцёла, і трансліраваць меркаванне епіскапатаў адносна працэсу еўрапейскай інтэграцыі.

Дзяржсакратар заўважыў, што Папа глыбока заклапочаны лёсам Еўропы. Ён лічыць адным з галоўных выклікаў імкненне да індывідуалізму і “ўзнікненне грамадства без пачуцця прыналежнасці”. Таму важна нанова адкрыць “супольнасную тоеснасць”.

Паводле Францішка, Еўропа павінна быць сяброўскай у адносінах да чалавека, павінна быць як сям’я і супольнасць, салідарнай і шчодрай, мець здаровую свецкасць. Яна стане такой, калі будзе “любіць асобу ў яе праўдзе і цэласнасці і, асабліва, паважаць яе трансцэндэнтную годнасць”. Гэта дапаможа ў належнай інтэрпрэтацыі і ацэнцы заканадаўчых прапаноў і дасць арыенцір палітыкам, - лічыць кардынал Паралін.

“Сярод прынцыпаў і каштоўнасцей асаблівае значэнне мае прызнанне святой і недатыкальнай годнасці кожнага чалавечага жыцця, ад яго зачацця да натуральнага заканчэння, да чаго фундаментальна важна далучыць абарону і падтрымку інстытута сям’і, сапраўднай ячэйкі грамадства, заснаванай на непарыўным саюзе мужчыны і жанчыны”, - падкрэсліў іерарх.

Паводле Дзяржсакратара, сёння на заканадаўчым узроўні пануе разуменне чалавека, як істоты, надзеленай суб’ектыўнымі індывідуальнымі правамі, абмежаванымі выключна інтарэсамі дзяржавы, пераважна звязанымі з пытаннямі бяспекі, барацьбы з тэрарызмам і адмываннем грошай. Выклікаюць хваляванне таксама законы, якія дазваляюць эўтаназію або ставяць сужэнства і іншыя віды саюзаў на адзін узровень.

“Асоба і супольнасць – гэта фундамент Еўропы, якую мы, як хрысціян, хочам і можам дапамагаць будаваць”, - падкрэсліў кардынал. Ён заклікаў дэманстраваць гуманізм, які вынікае з Евангелля, сведчыць любоў, асабліва да людзей, што знаходзяцца ў складанай сітуацыі: жанчын, якія перажываюць драму непажаданай цяжарнасці; хворых, якія больш не могуць несці цяжар пакут; мігрантаў, якія часта становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы заклікаў COMECE супрацоўнічаць з Еўрапейскім Саюзам у пераадоленні санітарных, сацыяльных, эканамічных і гуманітарных наступстваў пандэміі, спрыяць салідарнасці паміж народамі, перагляду заканадаўства аб мігрантах, абароне навакольнага асяроддзя.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на выклікі звязаныя з пашырэннем лічбавай сферы, а таксама заклікаў Еўрасаюз да палітычнай увагі ў адносінах да краін-суседзяў і афрыканскага кантынента.

Дзяржсакратар лічыць, што важную ролю ў пераасэнсаванні тоеснасці і каштоўнасці Еўропы ў святле яе новых выклікаў і патрэб магла б адыграць Канферэнцыя аб будучыні Еўропы, арганізаваная Еўрапейскім парламентам, Саветам Еўропы і Камісіяй Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.
 

31 кастрычніка 2020, 11:54
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031