Пошук

Прэмія Заіда за чалавечае братэрства. Ілюстрацыйнае фота Прэмія Заіда за чалавечае братэрства. Ілюстрацыйнае фота 

Прэмія Заіда за чалавечае братэрства: прыём кандыдатур на 2027 год

Да 1 кастрычніка 2026 года прымаюцца кандыдатуры на Прэмію Заіда за чалавечае братэрства. Гэтай узнагародай штогод адзначаюць людзей і арганізацыі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё міжрэлігійнага дыялогу, салідарнасці і мірнага суіснавання. У 2027 годзе яна будзе ўручана ў восьмы раз.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэмія прысуждаецца ў памяць аб падпісанні Папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам Дэкларацыі аб агульначалавечым братэрстве. Дакумент быў падпісаны ў Абу-Дабі ў 2019 годзе.

Узнагарода носіць імя шэйха Заіда бэн Султана аль-Нахаяна, першага кіраўніка Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, вядомага сваім гуманізмам і імкненнем дапамагаць людзям незалежна ад іх паходжання і веравызнання.

У 2027 годзе цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў восьмы раз. Па словах генеральнага сакратара Прэміі Заіда суддзі Махамеда Абдэльсалама, яна імкнецца прыцягнуць увагу да гуманітарных ініцыятыў, якія служаць чалавецтву і спрыяюць распаўсюджванню каштоўнасцяў братэрства ў свеце. Прэмія падтрымлівае ініцыятывы, якія ператвараюць прынцыпы Дакумента аб чалавечым братэрстве ў канкрэтныя праекты з доўгатэрміновым уплывам на жыццё людзей.

Памер узнагароды складае 1 мільён долараў ЗША. Сярод магчымых лаўрэатаў могуць быць як асобныя людзі, так і арганізацыі, якія ўносяць значны ўклад у развіццё агульначалавечага братэрства ў розных сферах.

Папярэдняя цырымонія ўручэння прэміі адбылася 4 лютага 2026 года ў Абу-Дабі. Яе лаўрэатамі сталі кіраўнікі Азербайджана і Арменіі Аліеў і Пашынян, палесцінская гуманітарная арганізацыя "Taawon" і афганская праваабаронца Зарка Яфталі.

З моманту заснавання прэміі ў 2019 годзе яе атрымалі 20 лаўрэатаў з 20 краін свету. Яны ўнеслі значны ўклад у такія сферы, як ахова здароўя, адукацыя, устойлівае развіццё, дапамога бежанцам, развіццё мясцовых супольнасцей, забеспячэнне харчаваннем, пашырэнне магчымасцяў для моладзі і жанчын, і іншыя.

Вылучыць кандыдатуры можна на афіцыйным сайце прэміі да 1 кастрычніка 2026 года: https://zayedaward.org

20 жніўня 2026, 12:33