2026.05.27 Commissione libertà religiosa USA

У ЗША падрыхтавалі справаздачу пра пагрозы рэлігійнай свабодзе

Амерыканская камісія па рэлігійнай свабодзе прадставіла праект справаздачы пра пагрозы рэлігійнай свабодзе ў ЗША і іншых краінах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Камісія Злучаных Штатаў па рэлігійнай свабодзе – часовы дарадчы орган, створаны ў 2025 годзе прэзідэнтам Дональдам Трампам – падрыхтавала праект справаздачы пра сучасныя выклікі для рэлігійнай свабоды.

Дакумент закранае спрэчкі вакол бацькоўскіх правоў, адукацыі, свабоды сумлення медыцынскіх работнікаў і дзейнасці рэлігійных устаноў. Камісія таксама звяртае ўвагу на гвалт і вандалізм у дачыненні да хрысціянскіх, яўрэйскіх і мусульманскіх месцаў культу.

Сто галасоў, сем слуханняў – і адна агульная трывога

Праект грунтуецца на сямі слуханнях Камісіі, падчас якіх выступілі больш за сто сведак розных веравызнанняў і ўзроставых груп. Абмяркоўваліся рэлігійная свабода ў войску, адукацыі, ахове здароўя, дзяржаўным і прыватным сектарах, абарона бацькоўскіх правоў і дзейнасць рэлігійных устаноў.

Камісія разглядае рэлігію як важную частку амерыканскай грамадзянскай і маральнай традыцыі. Яна прапануе пашырыць доступ рэлігійных устаноў да федэральнага фінансавання і ўзмацніць абарону месцаў культу.

Найбольш балючым пунктам даклада застаецца школа

Асобная частка справаздачы прысвечана канфліктам паміж рэлігійнымі перакананнямі і дзяржаўнай палітыкай у пытаннях, звязаных з так званай гендарнай ідэнтычнасцю. У дакуменце згадваецца хрысціянская сям’я з Вермонта, якой адмовілі ў магчымасці стаць прыёмнымі бацькамі пасля заявы, што яна не будзе падтрымліваць магчымую гендарную трансфармацыю даверанага дзіцяці.

Разглядаецца таксама справа “Mahmoud v. Taylor” у Вярхоўным судзе ЗША, якая тычыцца права бацькоў вызваляць дзяцей ад заняткаў з матэрыяламі пра аднаполыя адносіны і гендарную трансфармацыю. Камісія прапануе ўмацаваць правы бацькоў і пашырыць магчымасці выбару школы.

У справаздачы закранута і свабода сумлення медыцынскіх работнікаў – у тым ліку ў пытаннях абортаў, стэрылізацыі, дапаможнага самагубства і працэдур, звязаных з гендарам. У якасці прыкладу прыводзіцца справа доктара Ітана Хайма з Тэхаса.

Мандат амерыканскі, але позірк – значна шырэйшы

Хоць мандат Камісіі ахоплівае найперш Злучаныя Штаты, даклад вылучае і пераслед за веру ў Еўропе. Паказальнай стала справа брытанскага фізіятэрапеўта Адама Сміта-Конара, асуджанага за ціхую малітву каля абартыўнай клінікі. Іншым рэзанансным выпадкам стала судовае рашэнне, калі ў сакавіку 2026 года Вярхоўны суд Фінляндыі пакараў дэпутата Пяйві Рэсянен за "знявагу групы" праз змест хрысціянскай брашуры пра шлюб і сексуальную этыку.

Праект даклада пакуль мае кансультацыйны характар, але пацвярджае, што амерыканская адміністрацыя разглядае рэлігійную свабоду як глабальнае пытанне.
 

 

12 жніўня 2026, 10:17