Каталіцкія школы ЗША шукаюць меру ў выкарыстанні тэхналогій
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведамляе “OSV News”, падчас пандэміі каронавіруса камп’ютары дазволілі школам працягваць навучанне, калі дзеці не маглі прыйсці ў клас. Але з часам некаторыя каталіцкія школы ЗША пачалі заўважаць і адмоўныя наступствы сталага карыстання асабістымі электроннымі прыладамі.
У школе Святой Сям’і ў Дэйл-Сіці, штат Вірджынія, педагогі прыйшлі да высновы, што вучні часцей звярталіся да ноўтбукаў дзеля забаў, чым для вучобы. Таму з 2025 года замест асабістых прылад вучні тут карыстаюцца лічбавай тэхнікай з агульных мабільных камплектаў.
Менш асабістых прылад – больш месца жывому навучанню
Такія рашэнні з’яўляюцца і ў іншых навучальных установах. Каталіцкая школьная сістэма горада Эры ў штаце Пенсільванія летам 2026 года абвясціла, што вучні ад дзіцячага садка да 5 класа больш не будуць атрымліваць асабістыя планшэты, якія можна браць дадому. Лічбавыя прылады застануцца часткай навучання, але дзеці будуць карыстацца імі разам, калі гэтага патрабуюць заняткі, а таксама на спецыяльных уроках.
У адмысловай заяве кіраўніцтва сістэмы падкрэсліла, што гаворка не ідзе пра адмову ад лічбавай адукацыі: вучням па-ранейшаму будуць даваць неабходныя навыкі, але больш увагі хочуць надаць практычнай працы, размове, руху і непасрэдным адносінам з настаўнікамі і аднакласнікамі.
Больш тэхналогій яшчэ не азначае лепшай адукацыі
За такой зменай стаяць і даследаванні пра ўплыў празмернага часу перад экранам на дзяцей. У згаданым “OSV News” дакладзе галоўнага санітарнага ўрача ЗША адзначаецца, што адначасовае карыстанне лічбавымі медыя падчас навучання перашкаджае ўвазе і канцэнтрацыі, а таксама можа негатыўна адбівацца на адзнаках, выніках тэстаў, памяці і чытанні.
Дэн Гернсі, выкладчык і даследчык у галіне адукацыі з Універсітэта “Ave Maria” ў Фларыдзе, таксама звяртае ўвагу на тое, што шырокае распаўсюджванне планшэтаў у школах не прывяло да паляпшэння вынікаў тэстаў. Некаторыя школы, якія яшчэ раней адмовіліся ад мадэлі "1 вучань – 1 прылада", цяпер бачаць, што бацькі ўсё часцей хочуць менш электронных гаджэтаў і больш увагі да асноў навучання.
Школа павінна даваць тое, чаго не можа даць лічбавы свет
Пра межы выкарыстання тэхналогій у адукацыі піша і Леў XIV у сваёй першай энцыкліцы "Magnifica humanitas". Хуткі доступ да інфармацыі, падкрэслівае ён, сам па сабе яшчэ не з’яўляецца адукацыяй, якая патрабуе даследавання, разважання і распазнавання. Школа, звяртае ўвагу Папа, не павінна імкнуцца паспяваць за тэмпам лічбавага свету, але мае даваць тое, чаго ён не здольны замяніць, – магчымасць вучыцца разам і будаваць адносіны паміж людзьмі.
Прадстаўнікі каталіцкай сістэму адукацыі ў ЗША падкрэсліваюць, што гаворка сёння ідзе не пра вяртанне ў час без камп’ютараў, а пра пошук разумнай меры, у якой тэхніка застаецца сродкам навучання, а не вызначае яго.