Пошук

Ivonne Baki, candidate for the next Secretary-General, speaks to the press at United Nations

ААН патрабуе адказнасці за гвалт і нянавісць да вернікаў

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў палітычныя ўлады прыцягваць да адказнасці вінаватых у гвалце супраць вернікаў і змагацца з дыскрымінацыяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

21 жніўня 2026 года Арганізацыя Аб'яднаных Нацый апублікавала пасланне генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр актаў насілля на глебе рэлігіі або перакананняў. Ён адзначыў, што "па ўсім свеце распаўсюджваецца крывавы гвалт на рэлігійнай глебе", і заклікаў урады паставіць перад судом вінаватых.

Гутэрыш папярэдзіў пра напады падчас рэлігійных урачыстасцей і апаганьванне месцаў культу. Паводле яго слоў, многія вернікі, асабліва прадстаўнікі рэлігійных меншасцей, сутыкаюцца з варожасцю як у інтэрнэце, так і па-за ім. "Такія дзеянні топчуць правы чалавека і чалавечую годнасць", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што ім неабходна "неадкладна пакласці канец".

Генеральны сакратар ААН заклікаў будаваць грамадства, у якім усе рэлігійныя супольнасці могуць жыць у міры і сведчыць аб сваіх перакананнях. Ён таксама звярнуўся да рэлігійных лідараў з заклікам супрацьстаяць насіллю, а да кампаній у сферы лічбавых тэхналогій – так праектаваць і мадэрыраваць свае платформы, "каб іх карыстальнікі былі абаронены ад стыгматызацыі".

22 жніўня 2026 года Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на глебе рэлігіі або перакананняў адзначылі ўжо ў 8-ы раз. ААН заснавала яго ў 2019 годзе, каб звярнуць увагу на нарастаючы пераслед людзей з прычыны іх рэлігійных перакананняў.
 

23 жніўня 2026, 12:18