Права на смерць ператвараецца ў абавязак: брытанскі біскуп
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Напярэдадні другога чытання законапраекта аб невылечна хворых дарослых, які прадугледжвае легалізацыю дапаможнага самагубства, запланаванага ў брытанскім парламенце на 11 верасня 2026 года, Біскуп Нотынгема Патрык Маккіні звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом.
Іерарх заклікаў звяртаць увагу не толькі на індывідуальныя просьбы людзей, якія пакутуюць, але і на агульныя культурныя ды сацыяльныя наступствы ініцыятывы. Ён падкрэсліў, што дакумент нясе рэальную пагрозу для абароны найбольш уразлівых людзей у грамадстве.
Брытанскі пастыр папярэдзіў, што "праект закона мае патэнцыял даць пачатак змене парадыгмы ў тым, як мы разумеем, цэнім і аберагаем святасць кожнага чалавечага жыцця". Прыняцце такога дакумента акажа "глыбокі ўплыў на саму тканіну нашага грамадства", бо яно закранае асновы правапарадку. Іерарх нагадаў, што "права на жыццё ляжыць у аснове ўсіх іншых правоў, у тым ліку права на свабоду".
Аналізуючы вопыт іншых краін, Маккіні адзначыў, што такога роду нормы з часам пашыраюцца і прыводзяць да небяспечных зрухаў. Ён падкрэсліў, што "права на смерць пагражае вельмі хутка ператварыцца ў абавязак смерці". Гэта стварае сур'ёзны сацыяльны і эмацыйны ціск на пажылых і безабаронных людзей, якія пачынаюць адчуваць сябе цяжарам для іншых.
У сувязі з гэтым Біскуп Нотынгема заклікаў вернікаў не абмяжоўвацца адной малітвай. Ён заахвоціў вернікаў актыўна звяртацца да сваіх дэпутатаў і пераконваць іх у грамадскай шкодзе такой ініцыятывы.