Расійскі пасол пры Святым Пасадзе Іван Салтаноўскі з кардыналам П'етра Паралінам у Ватыкане Расійскі пасол пры Святым Пасадзе Іван Салтаноўскі з кардыналам П'етра Паралінам у Ватыкане  (Vatican Media)

Пасол Расіі распавёў пра чаканні ад візіту Галахера ў Маскву

Расійскі пасол пры Святым Пасадзе Іван Салтаноўскі лічыць, што візіт арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера ў Маскву пацвярджае імкненне Святога Пасада працягваць дыялог з Расіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт сакратара Святога Пасада па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера ў Маскву, які праходзіць з 24 па 28 жніўня 2026 года, пасол Расіі пры Святым Пасадзе Іван Салтаноўскі разглядае як працяг дыялогу паміж Ватыканам і Масквой. Паводле яго слоў, Святы Пасад "не падтрымлівае лінію на палітыка-дыпламатычную ізаляцыю" Расіі. "Мы гэта цэнім", - адзначыў дыпламат у інтэрв’ю агенцтву ТАСС.

Салтаноўскі таксама нагадаў пра тэлефонную размову прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з Папам Львом XIV, якая адбылася ў 2025 годзе. На яго думку, гэтая размова задала "тон цяперашняму этапу расійска-ватыканскіх адносін" і пацвердзіла настрой Льва XIV працягваць дыялог з Масквой.

Адной з галоўных тэм падчас візіту можа стаць вайна ва Украіне. Расійскі пасол заявіў, што Масква з "разуменнем і павагай" ставіцца да ініцыятыў Святога Пасада, звязаных з палітыка-дыпламатычным урэгуляваннем гэтай праблемы, і гатовая да асобных кансультацый па Украіне ў Ватыкане. Разам з тым магчымасць правядзення там непасрэдных перамоў паміж Расіяй і Украінай, паводле яго слоў, цяпер не разглядаецца.

Сярод іншых магчымых тэм Салтаноўскі назваў сітуацыю на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і на амерыканскім кантыненце, а таксама развіццё штучнага інтэлекту і звязаныя з ім гуманітарныя ды этычныя пытанні. Паводле дыпламата, гэтыя тэмы могуць стаць прадметам "змястоўнага і адкрытага абмену думкамі" падчас перамоў арцыбіскупа Галахера ў Маскве.
 

25 жніўня 2026, 10:41