Пошук

Лагер для бежанцаў у Нігерыі Лагер для бежанцаў у Нігерыі  (Copyright: Aid to the Church in Need)

Касцёл у Нігерыі прапануе іракскі досвед вяртання хрысціян

Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" падтрымаў заклік Касцёла ў Нігерыі стварыць умовы для вяртання ўнутрана перамешчаных хрысціян у родныя мясціны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мільёны хрысціян у так званым Сярэднім поясе Нігерыі за апошнія гады былі вымушаны пакінуць свае дамы праз узброеныя напады і насілле. Многія з іх працягваюць жыць у лагерах для ўнутрана перамешчаных асоб.

"Дапамога Касцёлу ў патрэбе" падтрымала заклік мясцовага Касцёла стварыць умовы, якія дазволяць людзям вярнуцца ў свае родныя мясціны.

Арганізацыя прапануе звярнуцца да досведу Ніневійскай раўніны ў Іраку, дзе пасля захопу рэгіёна баевікамі так званай "Ісламскай дзяржавы" 6 жніўня 2014 года сотні тысяч хрысціян былі вымушаны ўцячы. Пасля вызвалення Масула, Каракаша і іншых населеных пунктаў была рэалізавана праграма "Вяртанне да каранёў", у межах якой аднаўляліся дамы, касцёлы і школы. У 2017-2019 гадах больш за палову раней выселеных жыхароў вярнуліся ў дзевяць адноўленых мясцовасцей.

Такія ж выклікі сёння стаяць перад цэнтральнымі рэгіёнамі Нігерыі. Людзі пакідаюць свае дамы праз напады ўзброеных груп, звязаных з качавымі супольнасцямі фулані, канфлікты за зямлю і пашы, дзейнасць злачынных бандаў і ісламісцкіх груповак.

Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў штаце Бенуэ, дзе, паводле прыведзеных даных, знаходзіцца больш за два мільёна ўнутрана перамешчаных асоб, 98 працэнтаў з якіх складаюць хрысціяне.

На жаль, працяглае жыццё ў лагерах вядзе да росту дзіцячай працы, прастытуцыі, дзіцячых шлюбаў, наркаманіі і незаконнага абароту наркотыкаў.

Дырэктар па сувязях з грамадскасцю і рэлігійнай свабодзе арганізацыі "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" Марк фон Рыдэман лічыць, што мадэль, рэалізаваная ў Іраку, можа быць выкарыстана і ў Нігерыі, найперш у штаце Бенуэ. Паводле яго слоў, для гэтага неабходныя цеснае супрацоўніцтва дзяржаўных улад і структур Касцёла, а таксама міжнародная падтрымка.
 

10 жніўня 2026, 11:00