Біскупы Мексікі заклікалі спыніць выцясненне людзей з іх зямель
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Стала вядома пра супольны зварот мексіканскіх біскупаў і касцельных арганізацый, прысвечаны лёсу карэнных і афра-мексіканскіх народаў. У ім гаворыцца, што праз здабычу карысных выкапняў і гвалт людзі губляюць землі, якія належалі ім спакон вякоў, і вымушаныя перасяляцца.
Асаблівую ўвагу аўтары звяртаюць на вайну наркакартэляў і прымусовае ўцягванне моладзі ў злачынныя групоўкі. Яны гавораць пра "злачыннае панаванне над тэрыторыямі", якое пакідае насельніцтва перад абліччам "пагроз, запалохвання, вымагальніцтва, страху, выкраданняў, гандлю людзьмі, забойстваў і масавых распраў". Гвалт прымушае людзей пакідаць свае землі і дамы.
Прадстаўнікі Касцёла падкрэсліваюць, што дзяржаўныя ўлады павінны адкрыта прызнаць маштаб крызісу і гарантаваць абарону людзям, якіх выцясняюць з іх зямель.