Пошук

Венесуэла. Пасля землятрусу 24 чэрвеня 2026 года Венесуэла. Пасля землятрусу 24 чэрвеня 2026 года  (AFP or licensors)

Венесуэла: кардыналы прапанавалі дапамогу ў дыялогу

Кардыналы Бальтасар Порас і Дыега Падрон, а таксама біскуп Авідыа Перэс Маралес прапанавалі падтрымку і назіранне за перамовамі ў Венесуэле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі з "задавальненнем і надзеяй" успрынялі пачатак перамоў паміж прадстаўнікамі чавізму і асяроддзем Нацыянальнай асамблеі, абранай у 2015 годзе. Іерархі падкрэслілі, што выступаюць не ад імя Каталіцкага Касцёла, а як людзі, якія кіруюцца грамадзянскім сумленнем і хрысціянскай маральнай адказнасцю. Перамовы пачаліся на мінулым тыдні пры падтрымцы Злучаных Штатаў.

Праграма прадугледжвае аднаўленне дзяржаўных інстытутаў, у прыватнасці выбарчай сістэмы і судовай улады, вяртанне грамадзянскіх і палітычных свабод, вызначэнне выбарчага календара, а таксама гуманітарную дапамогу пацярпелым ад землятрусу 24 чэрвеня 2026 года.

Іерархі адзначылі, што перамовы адбываюцца ў асаблівых абставінах і патрабуюць асцярожнасці. Яны нагадалі, што папярэднія працэсы дыялогу ў Венесуэле неаднаразова заканчваліся ўмацаваннем чавізму пры ўладзе.

Сярод умоў поспеху кардыналы і біскуп назвалі неадкладнае вызваленне палітычных зняволеных, спыненне медыйнай гегемоніі і правядзенне хуткіх прэзідэнцкіх выбараў. Яны таксама звярнулі ўвагу на глыбокі эканамічны і сацыяльны крызіс, адзначыўшы неабходнасць забеспячэння годных заробкаў, належнай аховы здароўя, жылля і адукацыі, а таксама доступу да вады, электраэнергіі і інтэрнэту.

"Прыярытэтам з'яўляецца паўторнае аб'яднанне нас, венесуэльцаў, у атмасферы свабоды, адзінства і салідарнасці, каб мы маглі дасягнуць міру", - падкрэслілі кардыналы Порас і Падрон, а таксама біскуп Перэс, назваўшы гэты працэс "нацыянальным адраджэннем".
 

13 жніўня 2026, 10:00