Пошук

Пацыенты атрымліваюць дапамогу ў намёце каля шпіталя ў Рутэнгу пасля землятрусу Пацыенты атрымліваюць дапамогу ў намёце каля шпіталя ў Рутэнгу пасля землятрусу  (ANSA)

Землятрусы ў Інданезіі: мабілізацыя Касцёла для дапамогі людзям

15 і 18 жніўня 2026 года ў Інданезіі адбыліся моцныя землятрусы. “Caritas” і “Save the Children” дапамагаюць пацярпелым, сярод якіх асабліва ўразлівыя дзеці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

15 жніўня 2026 года землятрус магнітудай 7,7 асабліва закрануў востраў Флорэс. Да гэтага часу знойдзены целы 68 загінулых, больш за 200 чалавек атрымалі раненні, а звыш 13 тысяч страцілі дах над галавой. Ратавальная аперацыя працягваецца. Раніцай 18 жніўня 2026 года яшчэ адзін землятрус магнітудай 6,1 адбыўся на Суматры – пакуль няма звестак пра загінулых і маштаб разбурэнняў.

Асаблівую занепакоенасць выклікае становішча дзяцей. Паводле ацэнак “Save the Children”, больш за 8 тысяч дзяцей у рэгіёне Усходняя Нуса-Тэнгара не маюць дзе вучыцца пасля разбурэння 87 школ. Усяго больш за 900 будынкаў абрынуліся або атрымалі вельмі сур'ёзныя пашкоджанні, сярод іх 18 медыцынскіх цэнтраў. Прадстаўнікі гуманітарнай арганізацыі папярэдзілі, што пасля неадкладнай дапамогі спатрэбяцца працяглыя меры, у тым ліку забеспячэнне дзяцей харчаваннем.

“Caritas” Інданезіі мабілізаваў гуманітарную сетку Каталіцкага Касцёла ў дыяцэзіях Рутэнг, Лабуан-Баджа, Купанг, Маўмерэ і Эндэ. Валанцёры і дыяцэзіяльныя каманды ўжо дапамагаюць людзям, у першую чаргу падчас эвакуацыі з пашкоджаных будынкаў, а парафіі збіраюць звесткі пра патрэбы мясцовых супольнасцей.

Сярод найбольш неадкладных патрэб – пітная вада, прадукты харчавання, прытулак, гігіенічныя наборы, медыцынская дапамога і падтрымка дзяцей, пажылых людзей, цяжарных жанчын і асоб з інваліднасцю.

Як растлумачыў дырэктар “Caritas” Інданезіі ксёндз Фрэдзі Рантэ Тарук, дапамога арганізуецца ў рамках сістэмы "Адзін Касцёл, адзін адказ". Дзякуючы ёй дыяцэзіі, парафіі, валанцёры і касцельныя структуры могуць хутка і зладжана рэагаваць на гуманітарную сітуацыю.
 

20 жніўня 2026, 10:16