300 дзён перамір'я: у Газе штодня гінуць дзеці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Праз амаль дзесяць месяцаў пасля абвяшчэння перамір'я ў кастрычніку 2025 года становішча дзяцей у сектары Газа застаецца драматычным. Паводле дадзеных UNICEF, за 300 дзён пасля падпісання пагаднення, якое прадугледжвала спыненне баявых дзеянняў і поўны доступ гуманітарнай дапамогі, загінулі не менш як 300 дзяцей.
"Перамір'е, падчас якога штодня гіне адно дзіця, – гэта параза", - заявіў рэгіянальны дырэктар UNICEF па Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы Эдуард Бейгбедэр. Паводле арганізацыі, сотні дзяцей таксама атрымалі раненні, многія з іх – цяжкія, у чаканні спынення гвалту і вяртання да бяспечнага жыцця.
Сёння сем'і вымушаныя жыць прыкладна на траціне тэрыторыі сектара, сярод разбураных будынкаў і завалаў. Дзеці пакутуюць ад вострага недаядання, распаўсюджвання хвароб, недахопу чыстай вады і цяжкага санітарнага становішча. UNICEF падкрэслівае, што пад пагрозай знаходзіцца не толькі іх фізічнае выжыванне, але і захаванне асноўных правоў. Доступ да медыцынскай дапамогі застаецца абмежаваным, многія шпіталі працягваюць працаваць у нестабільных умовах, а тысячы дзяцей па-ранейшаму не маюць магчымасці рэгулярна наведваць школу.
У апошнія дні паведамленні пра магчымы наступны этап перамір'я ўзнавілі спадзяванні на паляпшэнне сітуацыі. Прапанаваныя меры прадугледжваюць спыненне баявых дзеянняў і пашырэнне гуманітарнай дапамогі. "Гэта дае новую надзею і магчымасць канчаткова спыніць забойствы дзяцей", - адзначыў Бейгбедэр.
UNICEF зноў звярнуўся да ўсіх бакоў з заклікам выконваць міжнароднае гуманітарнае права і правы чалавека, гарантаваць абарону дзяцей, а таксама бяспечны, хуткі і бесперашкодны доступ гуманітарнай дапамогі.