Пошук

Арцыбіскуп Галахер падчас перамоў у МЗС Расіі Арцыбіскуп Галахер падчас перамоў у МЗС Расіі  (ANSA)

Галахер і Лаўроў падкрэслілі значэнне дыпламатыі і дыялогу

Падчас сустрэчы ў Маскве арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Сяргей Лаўроў падкрэслілі неабходнасць захоўваць дыялог ва ўмовах складанай міжнароднай сітуацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 жніўня 2026 года сакратар Святога Пасада па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Пол Рычард Галахер сустрэўся ў Маскве з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Паводле ТАСС, прадстаўнік Святога Пасада падчас перамоў падкрэсліў асаблівую важнасць дыялогу і дыпламатыі ў цяперашняй міжнароднай сітуацыі.

"Мы перакананыя, што ў такім складаным клімаце міжнародных адносін дыялог асабліва важны, а свет як ніколі мае патрэбу ў дыпламатыі", - сказаў Галахер. Ён падзякаваў за магчымасць правесці дыскусію і выказаў спадзяванне, што яна стане працягам ужо існага дыялогу і абмену інфармацыяй паміж бакамі. Паводле яго слоў, Апостальская Сталіца лічыць жыццёва неабходным захоўваць гэты дыялог і скіроўваць супольныя намаганні на карысць тых, хто асабліва мае патрэбу ў дапамозе.

З афіцыйнага паведамлення МЗС Расіі вынікае, што Лаўроў таксама заявіў пра неабходнасць працягваць даверны дыялог з партнёрамі ў пошуку рашэнняў шматлікіх праблем міжнароднага парадку дня. Ён адзначыў, што пасля папярэдняй сустрэчы з Галахерам, якая адбылася 5 гадоў таму, у свеце адбылося нямала змен.

Расійскі міністр адзначыў, што, нягледзячы на ўсе перамены ў свеце, Расіі і Святому Пасаду ўдалося захаваць адносіны, заснаваныя на даверы і ўзаемнай павазе. Паводле яго слоў, гэта дапамагае шукаць станоўчыя рашэнні, якія можна ўвасобіць у жыццё. Лаўроў выказаў спадзяванне на тое, што і цяперашняя сустрэча будзе карыснай, а яе ўдзельнікі змогуць абмеркаваць усе пытанні ў пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў.
 

25 жніўня 2026, 13:34