“Крыж спартсменаў” прыбыў у Таранта на Гульні Міжземнамор'я
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Крыж, які амаль 15 гадоў суправаджае найбуйнейшыя спартыўныя падзеі свету, зноў у дарозе. На гэты раз яго прывезла на італьянскі Таранта "Athletica Vaticana" – спартыўная асацыяцыя Ватыкана, якая аб'ядноўвае атлетаў і прасоўвае хрысціянскія каштоўнасці ў спорце.
Тут праходзяць Гульні Міжземнамор'я, і прысутнасць святыні мае для ўдзельнікаў асаблівае значэнне: гэта не проста рэлігійны сімвал, а знак духоўнай еднасці спартсменаў розных краін і пакаленняў.
9 красавіка 2026 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі алімпійскіх і паралімпійскіх атлетаў і патлумачыў, чаму гэтая святыня так важная. "Ад Гульняў у Лондане 2012 года да Гульняў у Мілане-Карціне ён збірае малітвы, чаканні і надзеі, страхі і пакуты жанчын і мужчын, якія ў любым узросце дзеляцца сваім спартыўным вопытам", - сказаў ён тады.
Стварыў крыж у 2012 годзе англійскі мастак Джон Корнуол для Алімпійскіх гульняў у Лондане. Ён складаецца з 15 кавалкаў дрэва, прывезеных са Святой Зямлі, Кітая, Расіі, Паўночнай Афрыкі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Індыі, Аўстраліі, Бразіліі і Ямайкі — гэтае паходжанне сімвалізуе аб'яднанне розных народаў праз спорт і веру.
З таго часу святыня пабывала на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе, у Лісабоне ў 2023 годзе і ў Парыжы падчас Алімпіяды 2024 года, дзе знаходзілася ў "Капліцы спартсменаў" пры касцёле святой Магдалены. Пандэмія на два гады перапыніла гэтую традыцыю – у Токіо ў 2020 і 2021 Крыжа не было.
Апошні паварот у гэтым шляху адбыўся 4 чэрвеня 2025 года, з нагоды Святога Года ў Рыме: Крыж афіцыйна перадалі супольнасці "Athletica Vaticana". Праз Святую Браму ватыканскай базілікі яго асабіста пранёс старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.
Перад Гульнямі ў Мілане і Карціне ў 2026 годзе святыня знаходзілася ў Міланскай архідыяцэзіі. 8 красавіка 2026 года міланская каталіцкая моладзь вярнула крыж у Ватыкан, перш чым ён рушыў далей – да атлетаў у Таранта.