81-я гадавіна Хірасімы: кардынал пра эрозію пацыфізму ў Японіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цэнтральным момантам мемарыяльных мерапрыемстваў застаецца гадавіна атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 года. "Кожны год у гэты час нас заахвочваюць нанова ўпісаць у нашыя сэрцы ўспаміны пра мінулае, зірнуць на сучасны свет і задумацца пра нашу адказнасць за будучыню", - напісаў іерарх.
“Войны і канфлікты пашыраюцца па ўсёй планеце, у тым ліку ва Украіне, у Судане, у М'янме і на Блізкім Усходзе, уключаючы сектар Газа. На гэтых палях бітваў кожны паранены або жорстка забіты чалавек – такі самы, як мы, створаны на вобраз Божы", - заявіў кардынал і з трывогай канстатаваў, што такі гвалт часта апраўдваецца як "непазбежны", а ўніверсальныя нормы, такія як міжнароднае гуманітарнае права і чалавечая годнасць, застаюцца праігнараванымі.
Кікучы звярнуў увагу таксама на істотныя змены, якія перажывае сама Японія: новае тлумачэнне 9-га артыкула Канстытуцыі, якое дазваляе "ажыццяўленне калектыўнай самаабароны з пэўнымі абмежаваннямі", павелічэнне выдаткаў на бяспеку, размяшчэнне ракет далёкага радыуса дзеяння дзеля патэнцыялу контратакі, а таксама ўзмацненне прысутнасці Сіл самаабароны на астравах Насэй.
Пры гэтым старшыня епіскапату нагадаў пра пацыфісцкі дух японскай Канстытуцыі, якая "гарантуе адмову ад вайны і ўтрыманне ўзброеных сіл" як плён мудрасці, здабытай папярэднікамі коштам ваенных спусташэнняў. "Мы павінны задумацца, ці прывядзе паступовая эрозія гэтага духу і нарошчванне ваеннага патэнцыялу без дастатковай нацыянальнай дыскусіі да ўсталявання сапраўднага міру", - падсумаваў кардынал Кікучы.