Біскупы Аўстраліі асудзілі рост антысемітызму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Біскупаў Аўстраліі 7 жніўня 2026 года апублікавала другое сёлетняе пасланне, прысвечанае тэме сацыяльнай справядлівасці. Дакумент пад назвай "Жыць паводле Евангелля ў часы грамадскіх падзелаў" звяртае ўвагу на паглыбленне грамадскай напружанасці ў краіне. Асаблівую занепакоенасць іерархаў выклікае рост праяў антысемітызму.
Як адзначаецца ў заяве, "ў Аўстраліі напружанасць, якая пагражае грамадскай згуртаванасці, стала балюча відавочнай у выніку трывожнага росту антысемітызму". Біскупы згадваюць, у прыватнасці, напад з ужываннем агнястрэльнай зброі на пляжы Бондзі і іншыя акты насілля. У выніку гэтага многія людзі больш не адчуваюць сябе ў бяспецы ў школах, сінагогах, на вуліцах і падчас грамадскіх мерапрыемстваў.
"Такая нянавісць абражае Бога", - падкрэсліваюць аўтары дакумента. Яны заклікалі католікаў жыць паводле Евангелля, трываючы пры Хрысце праз малітву і сакрамэнты, сустракацца з прадстаўнікамі іншых культур і адказна ставіцца да ўласных слоў, асабліва ў інтэрнэце.
Біскупы таксама заклікалі адмовіцца ад плётак, паклёпу, прыніжальных вызначэнняў і распаўсюджвання непацверджанай інфармацыі. На іх думку, менавіта так можна ўмацоўваць узаемны давер і грамадскую згуртаванасць у часы падзелаў.